27 лiпеня 2024, Субота, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гурба на даху: Як беларусам правільна ачысціць машыну ад снегу

10
Гурба на даху: Як беларусам правільна ачысціць машыну ад снегу

У інспектараў могуць узнікнуць прыдзіркі.

Змяніўшы летнюю гуму на зімовую, заліўшы ў бачок абмывальніка "незамярзайку" і "змяніўшы стыль на зімовы" беларускі кіроўца можа адчуваць сябе зусім спакойным і ўпэўнена выязджаць на дарогу, не баючыся інспектараў ДАІ. Як бы не так! Высвятляецца, калі вы пасля начной завеі "няправільна" ачысціце сваё аўто ад снегу, можаце з лёгкасцю "зарабіць" штраф – ад 37 да 74 рублёў, піша telegraf.news. Што трэба браць да ўвагі беларускім кіроўцам, адкопваючы сваё аўто са снежнага сумёта?

Безумоўна, ніякай строгай інструкцыі Дзяржаўтаінспекцыі ў ачыстцы машыны ад снегу не існуе. Аднак выпадкі, калі інспектары штрафавалі аўтааматараў за снег на машыне, мінулай зімой ужо здараліся. Як жа не "нарвацца" на штраф?

Зыходзячы з леташняга досведу, штраф інспектары выпісвалі паводле часткі 2 артыкула 18.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях кіроўцам, якія не абцяжарвалі сябе ачысткай бакавога і задняга шкла і задніх фараў ад снегу. Патэнцыйна гэта можа ўяўляць небяспеку як для самога кіроўцы (паколькі ён не можа ў дастатковай ступені кантраляваць сітуацыю на дарозе з цалкам закрытым аглядам у люстэрку задняга выгляду), так і для іншых кіроўцаў (бо тым могуць быць незразумелыя ягоныя манеўры праз закрытыя снегам фары і габарытныя агні).

Шкло, фары, нумары

Адзначым, што ў самім артыкуле 18.11 КаАП пра снег, блакаваныя вокны і г.д. няма ні слова. Відавочна, што інспектары ў такой сітуацыі прыраўноўваюць наліплы снег да "няспраўнасцяў транспартнага сродку" або "невыканання ўмоваў, пры наяўнасці якіх правіламі дарожнага руху забаронены ўдзел у дарожным руху". І дзейныя Правілы дарожнага руху пацвярджаюць законнасць іх дзеянняў.

Артыкул 9.3 ПДР РБ абвяшчае, што кіроўца абавязаны "ўтрымліваць транспартны сродак, які ўдзельнічае ў дарожным руху, у тэхнічна спраўным стане, правяраць яго тэхнічны стан перад пачаткам руху, а таксама ўтрымліваць у чысціні яго шкло і вонкавыя светлавыя прыборы".

Такім чынам, перш чым выехаць на дарогу, любы кіроўца ў Беларусі абавязаны зімой ачысціць шкло і фары свайго аўто ад снегу. Інакш – штраф адна базавая – сёння гэта 37 рублёў.

Акрамя таго, у тым жа 18.11 артыкуле КаАП, пункце 7 асобна прапісанае адміністрацыйнае пакаранне для тых, хто забываецца пачысціць нумарны знак ад снегу. За нечытэльны нумар інспектар можа выпісаць зверху яшчэ дзве базавыя велічыні (гэта значыць да 74 рублёў).

ДАІ абвясціла "прафілактыку" ў зімовых шынах у Беларусі да 5 снежня

Нагадаем, да 5 снежня Дзяржаўтаінспекцыя па ўсёй Беларусі праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю "Мяняй свой стыль на зімовы!". У першую чаргу яна накіраваная на прапаганду выкарыстання зімовых шынаў – гэта абавязковая ўмова выезду на беларускія дарогі з 1 снежня да 1 сакавіка.

Згодна з КаАП РБ, першы раз кіроўцам пагражае штраф да 1 базавай велічыні (37 рублёў), ці папярэджанне. А за паўторныя парушэнні цягам года штраф ужо складзе ад 2 да 5 базавых велічыняў, то-бок ад 74 да 185 рублёў сёння.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках