27 лiпеня 2024, Субота, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША прыгразілі Турцыі «шквалам санкцый» за дапамогу Расеі і ХАМАС

6
ЗША прыгразілі Турцыі «шквалам санкцый» за дапамогу Расеі і ХАМАС

Амерыканскія ўлады ўзмацняюць ціск на Анкару.

Амерыканскія ўлады ўзмацняюць ціск на Турцыю, якая перанакіроўвае ў Расею забароненую прадукцыю, а таксама не стрымлівае фінансавыя плыні, якія ідуць на адрас палестынскага руху ХАМАС. Займаючы такую пазіцыю, Анкара падлівае алею ў агонь, які палае ў двух рэгіёнах, папярэдзіў турэцкіх чыноўнікаў Браян Нэлсан, намеснік міністра фінансаў ЗША ў фінансавай выведцы і супрацьдзеянні тэрарызму.

Сёлета ён ужо другі раз прыехаў у Турцыю, плануючы абмеркаваць «намаганні ў расследаванні і прадухіленні гандлёвай і фінансавай дзейнасці, якая спрыяе вядзенню Расеяй вайны ва Украіне». У перапынку паміж сустрэчамі з мясцовымі чыноўнікамі Нэлсан сказаў пра пастаўкі тавараў падвойнага прызначэння праз Турцыю ў Расею:

«Мы настроеныя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб перарэзаць усе гэтыя [плыні], і хочам зрабіць гэта ў партнёрстве з Турцыяй, але гатовыя таксама дзейнічаць і самастойна».

ЗША склалі спіс з 45 «высокапрыярытэтных» тавараў, у тым ліку мікрачыпы, камунікацыйнае абсталяванне і іншае, якія акрамя цывільнай прадукцыі могуць выкарыстоўвацца пры вытворчасці ўзбраенняў. ЗША, Еўразвяз, Вялікая Брытанія і Японія забаранілі экспарт такіх тавараў у Расею, якая выкарыстоўвае іх у крылатых ракетах, дронах, гелікаптэрах і інш. Але за студзень – верасень гэтага года Турцыя выправіла ў Расею і пяць краінаў СНД, што ўважаюцца за пасярэднікаў у такіх аперацыях, тавары з гэтага спісу на $158 млн. Гэта ўтрая больш, чым за той самы перыяд 2022 г. і ў 5,6 разу больш, чым у сярэднім у 2015–2021 гг., калі такія пастаўкі склалі ўсяго $28 млн, паказалі разлікі Financial Times.

У турэцкіх партах абслугоўваліся падсанкцыйныя расейскія грузавыя караблі. Праз тэрмінал Dortyol у аднайменным горадзе Дзёрт’ёл праходзілі расейскія нафтапрадукты, якія, быўшы змяшаныя ў сховішча з палівам з іншых краінаў, потым дастаўляліся на грэцкі НПЗ Motor Oil Hellas, у якога Пентагон набывае паліва для сваіх ваенных караблёў і самалётаў на еўрапейскіх базах. Турэцкая танкерная кампанія стала адной з пяці, супраць якой ЗША ўвялі санкцыі за гандаль расейскай нафтай вышэй за столь $60 за бараль.

Калі турэцкія ўлады не абмяжуюць такую дзейнасць, мясцовыя кампаніі і прадпрымальнікаў чакае шквал санкцый, заявілі The Wall Street Journal амерыканскія чыноўнікі.

Што тычыцца ХАМАС, то Анкара, у адрозненне ад Вашынгтона, не прызнае яго тэрарыстычнай арганізацыяй і ў сваім стаўленні да руху праводзіць мяжу паміж ягонай палітычнай і вайсковай часткамі. Хоць ЗША ўжо блізу дзесяцігоддзя з дапамогай санкцый змагаюцца з фінансаваннем ХАМАС, Турцыя не перашкаджае звязаным з групоўкай кампаніям працаваць на сваёй тэрыторыі.

Нэлсан заявіў:

«Будзе вельмі дрэнна, калі якія-небудзь будучыя атакі Хамас будуць звязаныя з удзелам сродкаў, ажыццёўленым у Турцыі».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках