27 лiпеня 2024, Субота, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У найбуйнейшых нафтагазавых кампаній Расеі амаль удвая ўпаў прыбытак

У найбуйнейшых нафтагазавых кампаній Расеі амаль удвая ўпаў прыбытак

Санкцыі працуюць.

Прыбытак найбуйнейшых нафтагазавых кампаній у Расеі паводле вынікаў студзеня – верасня 2023 года ўпаў на 41%, паведаміў ЦБ РФ у чацвер «Агляду фінансавай стабільнасці».

«Гэта адбылося праз пагаршэнне коштавай кан'юнктуры і зніжэнне аб'ёмаў экспарту нафты на фоне ўзмацнення санкцый, перабудовы лагістычных ланцужкоў і фінансавых плыняў», – гаворыцца ў аглядзе.

Аб'ёмы экспарту нафты паводле сістэмы «Транснафты» за 9 месяцаў аселі на 8%, а сярэдні кошт гатунку Urals – на 26%, канстатуе ЦБ: сёлета ў сярэднім кожны бараль сыходзіў на экспарт за $ 59,54, а ў мінулым – за $ 80,58.

Увядзенне столі коштаў расейскай нафты і нафтапрадуктаў прывяло да пераарыентацыі экспартных плыняў на Азію і Афрыку, аднак у выніку падаражэла лагістыка, павялічыліся транзакцыйныя выдаткі, а частка плацяжоў прыходзіць з затрымкамі, піша Цэнтрабанк. «Акрамя таго, захоўваюцца рызыкі ўвядзення другасных санкцый, якія закранаюць працу нафтавай галіны», – гаворыцца ў аглядзе.

Аб'ёмы валютных прыбыткаў расейскіх нафтагазавых мэйджараў знізіліся яшчэ мацней: дзель даляра ў экспартнай выручцы сціснулася ўдвая, да 24%, а аб'ёмы продажаў замежнай валюты на біржы зрынуліся на 58%.

«Слабым звяном» расейскага нафтагазу стаў «Газпрам», які страціў еўрапейскі рынак. Пасля адключэння паставак большасці кліентаў у ЕЗ кампанія атрымала больш за трыльён рублёў чыстай страты і была вымушаная скараціць здабычу на чвэрць у параўнанні з даваенным перыядам.

У 2024 годзе «Газпрам» скароціць выдаткі на капітальныя будоўлі і інвестыцыі на 20% – з 1,966 да 1,574 трлн рублёў. А ў 2025-м можа сутыкнуцца з рэкорднымі стратамі праз зніжэнне выручкі, павелічэнне падатковай нагрузкі і неабходнасць аплачваць праграму газіфікацыі, папярэджваў у пачатку лістапада кіраўнік камітэта Дзярждумы ў энэргетыцы Павел Завальны.

«Раснафта» паводле вынікаў 9 месяцаў 2023 года дала справаздачу пра падзенне выручкі на 8%, да 6,612 трлн рублёў.

Паводле ацэнак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, за студзень – верасень Расея атрымала $133,7 млрд нафтавай выручкі. Максімальнай яна была ў верасні ($18,4 млрд), а самай нізкай – у лютым ($12,3 млрд).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках