24 снежня 2025, Серада, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына абвесціла, што зробіць сваё войска «асновай абароны Еўропы»

29
Нямеччына абвесціла, што зробіць сваё войска «асновай абароны Еўропы»

Расейскае ўварванне ва Украіну «карэнным чынам змяніла ролю Нямеччыны».

Урад Нямеччыны заявіў, што ўзмоцніць свае ўзброеныя сілы настолькі, што яны стануць асновай стрымлівання і калектыўнай абароны ў Еўропе. Гэта прадаўжэнне палітыкі ўмацавання нямецкага войска пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года.

Адпаведная заява была зробленая 9 лістапада, разам з прыняццем новых абаронных дырэктываў, якія выйшлі ўпершыню з 2011 года, калі Нямеччына прыпыніла набор у войска, адзначае Reuters.

У гэтых дырэктывах распісаная палітыка «Zeitenwende» («Змены эпох») у абароне. Пра яе канцлер Олаф Шольц абвесціў пасля расейскага ўварвання. У лютым 2022 года ён зрабіў першы крок да аднаўлення войска пасля дзесяцігоддзяў ягонага аслаблення пасля халоднай вайны. Тады быў створаны спецыяльны фонд памерам 100 млрд еўраў для набыцця сучаснага ўзбраення.

Міністр абароны Барыс Пісторыюс у артыкуле для Tagesspiegel, які выйшаў 9 лістапада, заявіў, што агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны азначае, што кантынент сутыкнуўся з новай ваеннай пагрозай, якая «карэнным чынам змяніла ролю Нямеччыны і Бундэсвера». У адказ на гэтае пагаршэнне сітуацыі ў галіне бяспекі Берлін імкнецца зрабіць нямецкія ўзброеныя сілы «асновай стрымлівання і калектыўнай абароны ў Еўропе», адзначыў ён.

Пісторіюс заявіў, што партнёры Нямеччыны чакаюць, што краіна прыме ролю лідара. Абвясціўшы пра фундаментальныя змены ва ўсіх сферах дзейнасці Бундэсвера, каб зрабіць яго «гатовым да вайны», міністр сказаў, што будучая структура нямецкіх узброеных сілаў «будзе вызначацца тым, што неабходна для абароны краіны і яе хаўруснікаў».

Ён не даў ніякіх падрабязнасцяў датычна меркаваных зменаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках