Чыгуначная «Чарнабаеўка»: СБУ падарвала яшчэ адзін цягнік з палівам на БАМ
32- 1.12.2023, 12:47
- 64,832
Выбух прагрымеў падчас руху на «Чортавым мосце».
Служба бяспекі Украіны ўчыніла новы выбух на найважнейшай стратэгічнай чыгунцы Расеі. Быў падарваны яшчэ адзін цягнік у Бураціі.
Аб гэтым РБК-Украіна паведамілі ўласныя крыніцы.
Суразмоўцы выдання адзначаюць, што расейцы двойчы патрапілі ў пастку СБУ - на Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі падарваўся яшчэ адзін цягнік з палівам.
Як падкрэсліваюць нашыя крыніцы, гэты падрыў стаў другім этапам спецаперацыі СБУ па вывядзенні з ладу гэтай важнай чыгуначнай магістралі. Яе расейцы выкарыстоўваюць у тым ліку і для вайсковай лагістыкі.
Так, першы грузавы цягнік падарваўся непасрэдна ў Паўночнамуйскім тунэлі. Для працягу руху расейцы пачалі выкарыстоўваць аб'язны шлях, які праходзіць праз «Чортаў мост».
«Менавіта на гэта і разлічвала СБУ: падчас праезду цягніка па гэтым высокім 35-метровым мосце спрацавалі закладзеныя ў яго выбуховыя прыстасаванні», - паведамілі крыніцы.
Як пішуць расійскія Тэлеграм-каналы, ад выбуху загарэлася 6 цыстэрнаў. Каб тушыць пажар, прыехаў нават пажарны цягнік.
Што вядома пра «Чортаў мост», дзе адбыўся другі падрыў.
Чортаў мост - паўкруглы віядук на Паўночным абходзе Байкала-Амурскай магістралі. Быў пабудаваны ў 1986 годзе, але пастаянны рух цягнікоў пачаўся ў 1989-м. Праходзіць над ракой Іцікіт. Вышыня дасягае 35 метраў.
Размешчаны на характэрных двух'ярусных апорах, адзіны ў Расеі мост такой канструкцыі. Са звестак з адкрытых крыніц, мост крыху разгойдваецца пры праходжанні па ім цяжкіх цягнікоў (з 2002 года такія па мосце не ходзяць, ходзяць толькі працоўныя цягнікі, асноўны рух ідзе па Паўночным тунэлі). Таму ён карыстаецца «нядобрай славай у машыністаў», якія асцерагаюцца праязджаць па мосце.