Бульбяны махляр падмануў беларуску на некалькі тысяч рублёў
2- 1.12.2023, 12:50
- 4,108
Мянчанка так і не дачакалася прыбытку з ураджаю.
Мянчанка хацела зрабіць бізнэс на бульбе, але стала ахвярай падману, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама. "Укладзеныя" жанчынай у клубні тысячы рублёў зніклі разам з мужчынам, якога яна знайшла праз аб'яву.
Мянчанка знайшла праз аб'яву мужчыну для працы на будоўлі. «Працавалі, размаўлялі. Ён прапанаваў сумесны бізнэс - пасадзіць бульбу. Сказаў, што цесць у яго займаецца земляробствам», - распавяла жанчына.
Яна пагадзілася і перадала свайму новаму знаёмаму больш за 7 тысяч рублёў. Спачатку «на несенне».
«Потым сказаў, што бульбачка не прадалася. Пачаў адкладаць яе на зіму, сказаў - трэба скінуць грошы на хімію, каб бульба захавалася зімой. Ну і па вясне яна таксама не прадалася», - падзялілася падрабязнасцямі інвестыцый мянчанка.
Мужчына нават дасылаў ёй чэкі нібыта за аплату хіміі, а таксама дроў для апалу ангара з бульбай. Абяцаннямі і апраўданнямі з жанчынай ён расплачваўся на працягу васьмі месяцаў. Пасля яна зразумела, што гэта падман.
Міліцыя затрымала 33-гадовага менчука. Той прызнаўся, што ўзяў грошы для аплаты кватэры. На мужчыну пачалі крымінальную справу паводле артыкула аб махлярстве.