Расейцы ўцяклі: У ГУР раскрылі ўнікальныя дэталі высадкі ў Крыме
- 1.12.2023, 17:50
- 7,216
Украінскія выведнікі расказалі пра баязлівасць вайскоўцаў РФ.
У ГУР Мінабароны Украіны ўказалі на баязлівасць вайскоўцаў РФ, якія адступілі з так званых «вышак Бойкі» падчас спецаперацыі ўкраінскіх выведнікаў і ўніклі агнявога кантакту на мысе Тарханкут у Крыме. Камандзіры падраздзяленняў украінскай ваеннай разведкі расказалі пра гэта ў інтэрв'ю для праекта Ukrainian Witness.
Камандзір, вядомы як «Баргеза», заўважыў, што падчас нападу на «вышкі Бойкі» расейцы марна выкарыстоўвалі авіяцыю, а потым адступілі, цалкам замінаваўшы гэтыя аб'екты ў моры.
«Там усё перакрытае мінамі. Скрыні, вяроўкі на падлозе, напаўадкрытыя сухпайкі, дзверы – суцэльнае міннае поле. Пакуль вышкі цалкам не размінаваныя, там яшчэ павінны працаваць нашыя інжынеры», – адзначыў ён.
Падчас высадкі на мысе Тарханкут украінскія выведнікі ўступілі ў бой з ворагам, але расейскія вайскоўцы ўцяклі.
«У нас быў кантакт з ворагам. Але ўрэшце расейцы ўцяклі, яны гэта добра ўмеюць. Нашы хлопцы выканалі пастаўленыя задачы. У гэтым ім дапамагалі крымскія партызаны», – расказаў камандзір з пазыўным «Цімур».
У ГУР упэўненыя, што УСУ здольныя ажыццявіць працэс дэакупацыі Крыма.
«На моры ў нас застаўся яшчэ адзін бар'ер – і ўсё. Мы зробім так, што Крым будзе дома. Мы зробім гэта, колькі б часу гэта ні заняло», – запэўніў «Цімур».