У Берасці прадаецца кватэра, у якой спыніўся час
5- 1.12.2023, 20:20
- 12,136
За яе просяць $24 900.
Двухпакаёвая кватэра ў берасцейскім мікрараёне Рэчыца падобная да музея СССР. Тут табе і квяцістыя фіранкі над уваходнымі дзвярыма, і сервант з тэарэтычным крышталём, і трумо з люстэркам. Класіка савецкага інтэр'еру, піша bgmedia.site.
У спальні – усё паводле канонаў жанру – дыван на сцяне, посцілка з характэрным узорам і, вядома, падушка. Пышна ўзбітая з выстаўленымі кутамі. Бракуе толькі карункавай сурвэткі зверху.
Кватэра знаходзіцца ў блакаваным жылым доме 1973 года пабудовы. Агульная плошча складае 53,2 кв. м, а жылая – 35,7 кв. м. Мяркуючы з фота, у тамбуры, як і на кухні, ідзе рамонт.
Але сапраўдны кландайк рэтра-рэчаў выявіўся на гарышчы. Тут – як на блышыным рынку: і стары скураны чамадан, і ваўняны плед, і нават ложак з металічным каркасам. Такія часцей за ўсё можна было сустрэць у вясковых хатах. Над столлю нацягнутыя палатняныя вяроўкі, на якіх звычайна развешвалі ўласнаручна сабраны святаяннік і іншыя зёлкі.
Дарэчы, у пакоях – трохметровыя столі, якія, як пішуць у аб'яве, «дазваляюць аформіць унутраную прастору пасродкам дызайну і цікавага сцэнара асвятлення». Вокны выходзяць на тры бакі, за кошт чаго выконваецца добрая інсаляцыя і мікраклімат у памяшканнях, пішуць гаспадары дома.
З камунікацый: электрычнасць, газ (ацяпленне – газавы кацёл) – цэнтралізаваныя; водазабеспячэнне, каналізацыя – цэнтралізаваныя па вуліцы, ёсць калодзеж. Прысядзібны зямельны надзел плошчай 5 сотак абгароджаны плотам, на тэрыторыі ёсць гараж і летняя кухня.
За сваю «бабуліну» кватэру гаспадары просяць $24 900.