27 лiпеня 2024, Субота, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Двое дзецюкоў, адзінокая прадавачка»: у Беларусі пусцеюць ГЦ

80
«Двое дзецюкоў, адзінокая прадавачка»: у Беларусі пусцеюць ГЦ

Назіраецца масавы сыход малога і сярэдняга бізнэсу.

Беларусы ўсё часцей заўважаюць змены на паліцах крам і ў гандлёвых цэнтраў. То знікае ўпадабаная марка касметыкі, і ты павінен пераходзіць на іншую, то на паліцах практычна не застаецца тавараў, акрамя як з Расеі і краін СНД. Выбар імкліва звужаецца, бізнэсы, паводле статыстыкі, актыўна паміраюць, а новыя нараджацца не спяшаюцца, паведамляе сайт тэлеканала «Белсат».

Адчуваецца таксама і нястача працоўных рук. Паводле апошняга даследавання BEROC, падчас апытання прадпрымальнікаў шмат хто канстатуе дэфіцыт чалавечага рэсурсу ў сферы гандлю і выканання паслуг. Такое існаванне называюць хутчэй выжываннем, чым жыццём, не гаворачы ўжо аб развіцці.

Асабліва гэта заўважна ў гандлёвых цэнтрах. Масавы сыход сярэдняга і малога бізнэсу пакідае за сабой цэлыя шэрагі закрытых і пустых памяшканняў і гандлёвых боксаў. Многія прадпрымальнікі пераязджаюць, многія зачыняюцца: у пакупнікоў няма грошай, а ў бізнэсу - прыбытку. Падагравае сітуацыю і буйное развіццё маркетплейсаў у Беларусі: калі чэргі ў гандлёвых цэнтрах радзеюць, то ў пунктах выдачы таго ж Wildberries толькі растуць. А куды ідуць людзі, туды ж ідзе і бізнэс.

На сайце megapolis-real.by знаходзім у Менску 1230 прапаноў арэнды ці продажу памяшканняў для гандлю і выканання паслуг. Больш за ўсё прапаноў на памяшканне ад 50 да 100 м ² (426). Але рэальную сітуацыю і маштаб праблемы трэба ацэньваць на месцы. Зазірнём у некаторыя гандлёвыя цэнтры.

ГЦ "Люстэрка" - вялікі трохпавярховы гандлёвы цэнтр каля Камароўскага рынку ў самай ажыўленай частцы Менска, недалёка ад ЦУМа. На плошчы 11 000 м² прадаюць адзенне, абутак, касметыку і парфуму, тавары для дома.

Здавалася б, у такім месцы ў цэнтры не павінна быць праблем ні з бізнэсам, ні з пакупнікамі. Але варта проста зайсці на другі паверх, каб зразумець, што ўсё далёка не так: вялізная колькасць пустых боксаў і закрытых памяшканняў уражвае. Знаходзім там 61 памяшканне, якое здаюць у арэнду (на першым паверсе - два, на другім - 58, гэта чвэрць ад усёй колькасці памяшканняў).

На продаж мы знайшлі 4 памяшканні па 8, 15 і 17 м². Кошт: Br 2338-3082 за квадратны метр.

Пад выглядам ІП мы патэлефанавалі ў гандлёвы цэнтр даведацца пра кошт арэнды. Умовы тут даволі прывабныя: 12 у.а. плюс 10 рублёў за камунальныя паслугі (вада, цеплыня, электрычнасць, вываз смецця, карыстанне ліфтам) за квадратны метр. Кошты не мяняюцца, нават калі арандаваць памяшканне з рамонтам. Праўда, гавораць, хутка цэны падымуцца.

Чаму ж тут так пуста? Як гавораць у цэнтры, многія ГЦ апусцелі, таму што ў людзей няма грошай. Абвінавачваюць і бізнэсоўцаў: маўляў, некаторыя працуюць толькі дзве гадзіны на дзень. Сапраўды, на некаторых боксах вісяць лісты з нумарам тэлефона ці візітоўкі ўладальнікаў для сувязі. Такі новы фармат гандлю: хочаш нешта купіць - тэлефануй, дамовімся. Але, можа, гэта праблема толькі аднаго асобна ўзятага гандлёвага цэнтру?

Недалёка знаходзіцца яшчэ адзін гандлёвы цэнтр - "Імпульс", адзін са старэйшых у Менску, дзе апраналася не адно пакаленне менчукоў. Плошча параўнальная з «Люстэркам» – 12 000 м ². Калісьці ў выходныя дні тут былі натоўпы. Цяпер жа ажыятаж відавочна загас - як сярод прадпрымальнікаў, так і пакупнікоў. "Імпульс" не ратуе ні цэнтр горада, ні яго выгаднае размяшчэнне каля метро і Камароўкі.

Ля цэнтральнага ўваходу - сезонныя тавары: шапкі, зімовыя шалікі, пальчаткі і рукавіцы. Наведвальнікаў мала, а вось зачыненых боксаў шмат. Мы налічылі 14.

Невясёлая сітуацыя і ў ГЦ "Атлантык". Вось двое мужчын азіраюцца ў пошуках абутку - а боксы амаль усе закрытыя, толькі ў канцы бачная самотная прадавачка, якая сядзіць на зэдліку з кніжкай у руках.

Мы налічылі 11 памяшканняў, якія здаюцца ў арэнду. Кошт пытання - ад 12 да 25 у.а. за квадратны метр.

Падобная сітуацыя ў ГЦ "Еўропа" плошчай 11000 м ². Арэнда каштуе Br30 плюс Br6 за камуналку за квадратны метр. Мы знайшлі 10 даволі буйных пустых памяшканняў.

А што з меншымі памерам гандлёвымі цэнтрамі? Зазірнем у "Рыгу". Агульная плошча ГЦ - 7600 м ². Знаходзім тут 22 закрытыя памяшканні, якія здаюцца ў арэнду. Пад выглядам ІП патэлефанавалі туды і даведаліся кошты: квадратны метр каштуе Br25-30, але можна дамовіцца і на Br20, плюс Br5 зверху за камуналку. Прыходзь і працуй, але бізнэс не ідзе.

Што чуваць у гандлёвых цэнтраў большага памеру? Возьмем ГЦ «Няміга 3» (плошча - 32 000 м ²). Знаходзім там 23 закрытыя памяшканні, з іх 14 дакладна здаюцца ў арэнду, на астатніх адзнак няма. Недзе проста пустыя памяшканні, недзе яшчэ ёсць нейкія рэчы, разбіраецца мэбля. Кошт арэнды тут вышэйшы: 45 еўра плюс камуналка 5 еўра з квадратнага метра на першым паверсе, 30 еўраў плюс камуналка на другім паверсе, 32-35 еўра за квадрат - на трэцім паверсе.

Ёсць памяшканні, выстаўленыя на продаж: квадратны метр каштуе Br8524 і Br9308. Прадаюцца і гатовыя бізнэсы.

Зазірнем у "Цівалі" (плошча - 65 000 кв. м). Знаходзім там 12 памяшканняў: 6 у арэнду, 6 - на продаж. Цана пытання ад Br18 да Br45 за квадратны метр. Плюс Br9 камуналка. Продаж: ад Br4116 да Br5571 за квадратны метр. За памяшканне на 14 метраў просяць Br77994, а за 66 метраў - Br271656. Здаюцца ў арэнду і гатовыя бізнэсы: тут, напрыклад, можна ўзяць салон прыгажосці.

У ГЦ «Экспабел» (плошча - 60 000 м ²) таксама закрываюць бізнэсы. Што характэрна - больш высокага коштавага сегмента.

У адміністрацыі гандлёвых цэнтраў, куды мы тэлефанавалі, папярэджваюць: калі хочаце адкрыць бізнэс, лепш выбіраць тавары танныя ці хаця б сярэдняга сегмента.

Пацвярджае сумную тэндэнцыю і статыстыка Белстата. Паводле звестак бізнэс-дэмаграфіі ў Беларусі, у 2020 годзе ўзровень "нараджальнасці" бізнэсу быў самы нізкі за апошнія 10 гадоў. У параўнанні з 2021 годам колькасць камерцыйных прадпрыемстваў скарацілася на 1,5% на 2022 год. Што характэрна, больш нізкая выжывальнасць бізнэсу якраз назіраецца ў аптовым і раздробным гандлі. Колькасць "нованароджаных" бізнэсаў нязменна скарачаецца ў апошнія гады.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках