27 лiпеня 2024, Субота, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як лукашысты самі сябе прапагандай напалохалі

6
Як лукашысты самі сябе прапагандай напалохалі

Хто ж паверыць беларускаму тэлевізару?

Беларускім уладам ад беларускай прапаганды шкоды значна больш, чым нам з табой. Бо нікога ў іх так не атрымліваецца распрапагандаваць як саміх сябе. Вось хлусяць яны нам, а вераць у сваю хлусню самі, піша Telegram-канал "Лісты да дачкі".

Ужо які дзень беларускі тэлевізар расказвае пра гераічнае выкрыццё спробы ўзброенага зрынання стабільнасці шляхам правядзення канферэнцыі ў Кіеве. Ну, для чаго выкрываць канферэнцыю ў Кіеве, якую ніхто ні ад каго і не хаваў, мне ў прынцыпе нават зразумела.

Па-першае, зорачкі на пагонах лішнімі нікому не бываюць. А якія табе зорачкі, калі ты пачытаеш пра канферэнцыю ў інтэрнэтах? Гэта маглы, ну накшталт нас з табой, чытаюць у інтэрнэтах. А героі нябачнага фронту здабываюць інфармацыю (якую мы чытаем у інтэрнэтах) абавязкова з рызыкай для жыцця. Каб была бачная агентурная праца і кулі ў тэлевізары свісталі над галавой.

А па-другое, беларуская стабільнасць наладжаная так, што без рэгулярных спроб узброенага зрынання ў тэлевізары яна адразу пачынае хварэць. Ну звыкла яна, каб яе ў тэлевізары зрыналі ўзброеным шляхам. Тое на яе 150 джыпаў з кулямётамі прарвуцца, то арда беспілотнікаў наляціць. Тым і жыве.

Але ж якая з гэтым беларускім тэлевізарам тонкасць? Палохаюць яны нас, а палохаюцца ў выніку самі. Бо хто ж паверыць беларускаму тэлевізару акрамя сведкаў стабільнасці і самога беларускага тэлевізара?

І вось яны ўжо так доўга палохалі, як іх збіраюцца зрынаць узброеным шляхам на канферэнцыі ў Кіеве, што нарэшце напалохаліся. Ну, а што ты сабе думала? Тыдзень пра такія жахі расказваць? Гэта ж ніякіх нерваў не хопіць. Нехта турнэ па Афрыцы сабе зладзіў, каб быць ад кіеўскай канферэнцыі далей.

Карацей, прыйшлося клікаць генерала Карпянкова з мэтай правядзення сеанса псіхалагічнай рэабілітацыі. А генерал Карпянкоў ён жа генерал. У генерала Карпянкова столькі спецназаў, што ён не баіцца амаль ніякіх канферэнцый. Прынамсі, калі яны праходзяць у Кіеве.

Таму што ён баявы генерал і кавалер ордэна шкляных дзвярэй. Сто чалавек сабраліся ў Кіеве, каб паразмаўляць, а генерал Карпянкаў у Менску нават не прыводзіў сябе ў баявую гатоўнасць. Нават у частковую баявую гатоўнасць і тое не прыводзіў. Так даслоўна і сказаў, што мінулы з'езд ніяк не паўплываў на яго баявую гатоўнасць. Сказаў, што нават калі б там сабралася не 100 чалавек, а ўсе 200, дык ён бы ўсё адно не баяўся.

Не. Мне здаецца, ты ўсё ж не ўяўляеш сабе гэты маштаб асобы і нервы літаральна як сталёвыя ліны. Усё, што ў чалавека ёсць, гэта войска, унутраныя войскі, АМАП, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, снайперская паляўніча-рыбалоўная брыгада і восем вельмі спецыяльных спецназаў. А! Яшчэ ядзерныя боегалоўкі. Але яны, магчыма, віртуальныя.

А там 100 чалавек сабралася на канферэнцыю ў Кіеве і яму не спатрэбілася нават прыводзіць усё гэта ў баявую гатоўнасць. І калі б 200 сабралася, ён бы таксама абышоўся без баявой гатоўнасці. Ён сам так сказаў. Бо сапраўдны герой і абаронца стабільнасці. Пра 300 чалавек генерал Карпянкоў сапраўды нічога не сказаў. Мабыць, калі б на канферэнцыю ў Кіеве сабралася 300 чалавек, то без поўнай баявой гатоўнасці было б не абысціся.

Што табе сказаць? З такімі баявымі генераламі стабільнасць, канешне, можа нічога не баяцца.

Хіба што сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках