27 лiпеня 2024, Субота, 3:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты-даследчыкі: Беларусь пастаўляе ў Расею люксавыя аўто ў абыход санкцый

15
Журналісты-даследчыкі: Беларусь пастаўляе ў Расею люксавыя аўто ў абыход санкцый

На абыходзе санкцый зарабляе атачэнне Лукашэнкі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны расейскіх войскаў ва Украіне праз Беларусь у РФ увозілі люксавыя аўтамабілі, экспарт якіх забаронены праз санкцыі заходніх кампаній. Пра гэта гаворыцца ў супольным даследванні "Бюро", "Вёрсткі" і "Кіберпартызан".

Даследчыкі вывучылі звесткі мытнай службы і прыйшлі да высновы, што праз Беларусь у Расею завезлі блізу тысячы легкавых аўтамабіляў з Еўропы і ЗША на суму больш за 100 мільёнаў даляраў.

Санкцыі забараняюць пастаўкі ў Расею аўтамабіляў даражэйшых за 50 тысяч еўраў. Пры гэтым на Беларусь абмежаванні не распаўсюджваюцца. Журналісты высветлілі, што беларускія кампаніі скарысталіся гэтай шчылінай і арганізавалі "паралельны імпарт" прэміяльных аўто.

У расследаванні ўказана, што пасля пачатку вайны і наступных санкцый у дачыненні да Расеі, пастаўкі аўто з ЕЗ у Беларусь выраслі ў чатыры разы - амаль да 1,5 мільярда еўраў, а ў 2023 годзе пастаўкі перавысілі 1,7 мільярда еўраў. У мытных дэкларацыях краінай паходжання гэтых машын пазначаныя Нямеччына, ЗША, Вялікабрытанія, Італія, Швэцыя, Аўстрыя, Ірландыя, Бэльгія, а вытворцамі - заводы Mercedes-Benz, BMW, Audi, Lamborghini, Jaguar Land Rover, Volvo і іншыя. За дзевяць месяцаў 2023 года з гэтых краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын.

Пастаўкамі прэміяльных аўто заходніх брэндаў з Беларусі ў Расею займаюцца больш як 30 беларускіх кампаній. Як мінімум пяць з іх звязаны з беларускімі ўладамі. Так, кампаніяй "Зіп-Лайн" валодае Андрэй Піскароў. Ён пачынаў кар'еру ў беларускім МЗС, а пасля працаваў на буйнога бізнэсоўца Юрыя Чыжа, якога называлі “партманэтам” Лукашэнкі.

"Зіп-Лайн" пастаўляла ў Расею аўтамабілі Rolls-Royce, Lamborghini і Bentley на агульную суму блізу 5 мільёнаў даляраў.

Яшчэ адна кампанія звязаная з беларускімі ўладамі - "Атлант-М Брытанія". Са студзеня да кастрычніка гэтага года кампанія паставіла ў Расею аўтамабілі Mercedes-Benz, BMW, Audi і іншыя амаль на 5 мільёнаў даляраў.

Кампанія “Кастам-Сэрвіс” за дзесяць месяцаў 2023 года экспартавала люксавыя аўто з Беларусі ў Расею на суму больш за 8,5 мільёна даляраў. Фірму ўзначальвае Віталь Сабалеўскі - намеснік старшыні Асацыяцыі мытных прадстаўнікоў Беларусі.

Даследчыкі таксама высветлілі, што сын былога высокапастаўленага вайскоўца ўнутраных войскаў Ігара Дзеранава Фелікс Дзеранаў валодае кампаніяй "Тэхна-Джэт Груп", якая, паводле мытных звестак, пастаўляла ў Расею прэміяльныя аўтамабілі Mercedes-Benz, BMW, Audi, Porsche нямецкай вытворчасці. Агульны кошт аўтамабіляў - больш за 15 мільёнаў даляраў.

"Прэміяльная транспартная кампанія" расейца Ахмада Абуева, як паказана ў расследаванні, за дзесяць месяцаў 2023 года паставіла ў Расею аўтамабілі люкс-сегмента агульным коштам больш за 15,6 мільёна даляраў. У сваіх сацсетках Абуеў указаў, што звязаны з расейскай "Гарадской транспартнай кампаніяй" ("GTK Аўта"), якая займаецца паралельным імпартам легкавых і грузавых аўтамабіляў з Еўропы, ААЭ і Кітая.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках