27 лiпеня 2024, Субота, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сербія падрыхтавала Пуціну непрыемны «сюрпрыз»

6
Сербія падрыхтавала Пуціну непрыемны «сюрпрыз»

Бялград гатовы закупляць азербайджанскі газ замест расейскага.

Сербія і Балгарыя закончылі будаўніцтва газаправода магутнасцю 1,8 млрд. кубаметраў на год. Такі аб'ём прапампоўкі здольны задаволіць попыт Сербіі на 60%, піша The Moscow Times.

У выніку краіна, якая практычна цалкам залежыць ад паставак з Расеі, зможа закупляць газ, які ідзе па трубаправодзе з Азербайджана, або на грэцкім ЗПГ-тэрмінале ў Александруполісе.

"З гэтым інтэрканектарам мы забяспечваем сабе альтэрнатыўную прапанову газу – акрамя расейскага", – заявіла міністарка энэргетыкі Сербіі Дубраўка Джэдовіч.

Хутка пазбавіцца ад расейскага газу, праўда, не атрымаецца, бо ў 2022 годзе Бялград падпісаў новае доўгатэрміновае пагадненне з Расеяй. У лістападзе гэтага года Сербія дамовілася з Азербайджанам аб закупках 400 млн кубаметраў на год, пачынаючы з 2024 г.

На цырымоніі адкрыцця трубаправода ў сербскім Нішэ прысутнічалі сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч, балгарскі Румэн Радзеў і азербайджанскі Ільхам Аліеў. Азербайджан зможа дасягнуць мэты ў падваенні паставак у Еўропу да 2027 г., заявіў Аліеў. Летась, калі краіны ЕЗ шукалі альтэрнатывы расейскаму газу ў разгар энэргетычнага крызісу, Баку пагадзіўся на працягу пяці гадоў давесці аб'ём прапампоўкі да 20 млрд кубаметраў.

Азербайджан пачаў прадаваць газ у Еўропу толькі ў 2020 г. На наступны год аб'ём экспарту склаў 8 млрд кубаметраў. У 2023 г. ён дасягне 12 млрд; гэта сведчыць аб тым, што краіна "ўпэўнена рухаецца да мэты", сказаў Аліеў.

Азербайджанскі газ, няхай і няпоўны, замяняе Еўропе расейскі. Да вайны ва Украіне, у 2021 г., “Газпрам” забяспечыў 40% еўрапейскага імпарту, ці крыху больш за 150 млрд кубаметраў. Цяпер дзель Расеі, уключаючы пастаўкі ЗПГ, якія павялічыліся, скарацілася да 12%, паводле звестак Еўрастату. Гэта значыць Расея пастаўляе ў ЕЗ менш за 50 млрд кубаметраў.

Трубаправод паміж Сербіяй і Балгарыяй таксама дасць апошняй доступ да газу з Заходняй Еўропы і Адрыятычнага мора. ЕЗ падтрымаў праект грантамі на суму 49,6 млн. еўраў і крэдытамі на 25 млн. еўраў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках