27 лiпеня 2024, Субота, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падтрымлівае Украіну і выступае супраць Пуціна: што вядома пра дачку Салаўёва

Падтрымлівае Украіну і выступае супраць Пуціна: што вядома пра дачку Салаўёва

Расейскія прапагандысты спрабуюць схаваць ганьбу свайго калегі.

32-гадовая дачка расейскага тэлевядоўцы Уладзіміра Салаўёва ад другога шлюбу, ураджэнка ЗША і актрыса Кацярына Салаўёва жыве ў Маскве, але выступае супраць палітыкі Крамля.

Расейскія прапагандысты ігнаруюць гэты факт і не пішуць пра артыстку, хаця і ведаюць, што яна катэгарычна не падтрымлівае словы свайго бацькі і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, піша OBOZ.UA.

Так, напрыклад, на днях Кацярына Салаўёва назвала прызнанне ў Расеі новай «экстрэмісцкай арганізацыі» дурным анекдотам і тэатрам абсурду.

«Няісныя бяскрыўдныя арганізацыі прызнаем экстрэмісцкімі, а ХАМАС уладкоўваем прыёмы ў Крамлі. Нават Оруэла ўжо званітавала б ад перанасычэння. Нагадваю, што за хатні гвалт у нас усё яшчэ проста штрафы», - напісала дачка Салаўёва ў адным з апошніх допісаў.

Гэта не першая яе антыкрамлёўская заява. У сваіх відэа ў 2022 годзе Салаўёва выступіла супраць вайны, але ёсць адзін вялікі нюанс. Дачка прапагандыста не асуджае расейцаў ці войска, а наадварот - заклікае англамоўную аўдыторыю спачуваць народу РФ.

Яна прасіла не атаясамліваць расейцаў з Пуціным і скардзілася на цяжкае жыццё і нянавісць. Пазней Салаўёва закрыла ўсе свае сацсеткі, уключаючы Twittеr, і цяпер вядзе апазіцыйную дзейнасць на маленькую аўдыторыю, якая налічвае крыху больш за тысячу чалавек.

Акрамя гэтага, яна, як сцвярджаюць расейскія СМІ, працягвае жыць у Маскве. Напрыклад, у Расеі ўжо год ставяць спектакль Салаўёвай пад назвай «28 дзён», які яна рэкламуе ў сваім Instagram.

Дабрачынная дзейнасць расейкі накіраваная не на дапамогу пацярпелым ад вайны ўкраінцам, а ў падтрымку расейскага цэнтра «Гвалту.не» і праваабарончай арганізацыі «АВД-Інфа».

Адзначым, што ў Салаўёва ўсяго восем дзяцей ад трох жонак. Чацвёра з іх - сыны, двое прызыўнога ўзросту, але ніводзін не адправіўся на перадавую.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках