На Запарожскай АЭС адбыўся поўны блэкаўт
4- 2.12.2023, 11:26
- 7,312
Ёсць пагроза радыяцыйнай бяспекі.
Сёння ўначы адбыўся поўны блэкаўт на Запарожскай АЭС.
Увечары 1 снежня адбыўся абрыў лініі электраперадачы «Запарожская ТЭС – Ферасплаўная» напружаннем 330 кВ, праз якую станцыя атрымлівала сілкаванне ад украінскай энэргасістэмы, паведамляе «Энэргаатам».
А 02:31 падчас паветранай трывогі абясточаная апошняя лінія «Запарожская АЭС – Дняпроўская» напружаннем 750 кВ.
«У сувязі з поўным блэкаўтам ЗАЭС перайшла на сілкаванне ўласных запатрабаванняў ад дызельгенератараў. У аўтаматычным рэжыме ўключыліся ўсе 20 дызельгенератараў, 8 з якіх пазней былі пакінутыя ў працы», - гаворыцца ў паведамленні.
Самая вялікая пагроза бяспецы ў такім стане існуе на 4 энэргаблокі. Яна выкліканая тым, што акупанты выкарыстоўвалі яго з парушэннем умоў ліцэнзіі на эксплуатацыю рэактарных установак АЭС украінскага рэгулятара і трымалі ў гарачым стане.
Абясточванне галоўных цыркуляцыйных помпаў, якія астуджвалі актыўную зону, прыводзіць да пераходу рэактарнай устаноўкі ў рэжым натуральнай цыркуляцыі. Такі рэжым цяжкі для рэактарнай устаноўкі, яго працягласць абмежаваная праектам і можа прывесці да адмовы асноўнага абсталявання энэргаблока. Блок патрабуе тэрміновага пераводу ў халодны стан.
Намаганнямі ўкраінскіх спецыялістаў 2 снежня а 7 гадзіне раніцы адноўленая сувязь з украінскай энэргасістэмай, а менавіта адноўленая праца лініі электраперадачы напружаннем 750 кВ.
«Чарговы блэкаўт стварае пагрозу ядзернай і радыяцыйнай бяспецы», - падкрэсліваюць у «Энэргаатаме».