У РФ асудзілі да 12 гадоў калоніі мільярдэра родам з Беларусі
4- 21.12.2023, 21:18
- 11,784
Міхаіла Абызава прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў.
У Маскве 21 снежня суд вынес прысуд нараджэнцу Менска, мільярдэру і былому расейскаму міністру Міхаілу Абызаву. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў, паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў.
Праабражэнскі раённы суд горада Масквы вынес прысуд у дачыненні да расейскага экс-міністра Міхаіла Абызава, а таксама яшчэ 10 чалавек. Суд прызнаў яго вінаватым у махлярстве, стварэнні злачыннай супольнасці, «адмыванні» грошай і камерцыйным подкупе.
51-гадоваму Абызаву прызначана 12 гадоў калоніі строгага рэжыму і 80 мільёнаў расейскіх рублёў штрафу (блізу 860 тысячаў даляраў). «Астатнім фігурантам крымінальнай справы прызначаныя розныя тэрміны пакарання», – гаворыцца ў паведамленні судовай прэс-службы.
Суд таксама забараніў Абызаву на тры гады займаць пасады, звязаныя з выкананнем «арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый у дзяржаўных органах». Былога міністра пазбавілі ордэна Дружбы. Пасля адбыцця пакарання яму забаронена цягам пяці гадоў пакідаць месца жыхарства і наведваць масавыя мерапрыемствы, паведаміў ТАСС.
Нагадаем, у 2012 годзе багацце Міхаіла Абызава ацэньвалася на 1,3 мільярда даляраў. Ён нарадзіўся ў Менску. Будучы падлеткам, Абызаў ездзіў на заробкі ў Цюмень у складзе будатрада медінстытута. Пасля вяртання ў Менск яго запрасіў на навучанне (як пераможцу школьнай алімпіяды) фізіка-матэматычны інтэрнат пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Тут ён вучыўся разам з аднагодкай Андрэем Мельнічэнкам.
Ужо на першым курсе мехмата МДУ Абызаў заснаваў сваю першую фірму, якая займалася продажам турэцкіх тавараў і аргтэхнікі. З восені 1991 года быў брокерам на расейскай таварна-сыравіннай біржы, дзе зарабіў, паводле ягоных словаў, свае першыя «па-сапраўднаму вялікія грошы» – 500 тысячаў даляраў.
Да пачатку 2000-х гадоў Абызаў быў уладальнікам буйнога бізнэсу і намеснікам старшыні кіравання РАТ «ЕЭС Расеі» (узначальваў гэты расейскі энэргагігант Анатоль Чубайс). У студзені 2012 года стаў дарадцам тагачаснага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, а ў траўні стаў міністрам каардынацыі «Адкрытага ўраду».
Прабыўшы на гэтай пасадзе «міністра без міністэрства» шэсць гадоў, Абызаў у канцы 2018 года пакінуў Расею і жыў на сваёй віле ў Італіі і ў ЗША. У сакавіку 2019 года ён вярнуўся ў РФ на дзень народзінаў былога калегі і быў арыштаваны. Абызаў віну не прызнаваў і назваў абвінавачанні на свой адрас «адвольнай фантазіяй на тэму крымінальнага кодэкса».
Ужо пасля арышту ў 2021 годзе Forbes усё яшчэ ацэньваў багацце Абызава на 650 мільёнаў даляраў.