Расейскі Краснадар атакавалі ракетамі
9- 3.12.2023, 12:36
- 47,182
Сталі вядомы падрабязнасці магутных выбухаў у горадзе.
У Краснадары (РФ) увечары 2 снежня расейцы чулі выбухі і бачылі выбліскі ў небе. Улады заявілі, што супрацьпаветраная абарона збіла ракеты над Азоўскім морам – гэта нібыта былі ўкраінскія зенітныя С-200, пераробленыя для ўдараў па наземных цэлях.
Пра «плескачы» мясцовыя Telegram-супольнасці пачалі пісаць пасля 17:00 (18:00 паводле менскага часу) суботы. Жыхары Краснадарскага краю актыўна здымалі працу сваёй СПА, паведамляе obozrevatel.com.
Спачатку ў Адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службе горада заявілі, што «паведамленняў пра выбухі і разбурэнні на тэрыторыі краявога цэнтра не паступала». Пазней мясцовыя ўлады пацвердзілі спробу абстрэлу.
Мэр Краснадара Яўген Навумаў супакоіў расейцаў, пахваліў акупацыйнае войска і запэўніў, што ракеты былі «ліквідаваныя над морам».
«Паважаныя краснадарцы! Мы атрымалі шэраг паведамленняў пра два выбліскі ў небе, магу запэўніць – Краснадар і Краснадарскі край пад надзейнай абаронай. Нашы сілы РФ спрацавалі аператыўна і зладжана», – расхваліў чыноўнік вайскоўцаў краіны-агрэсаркі. Маўляў, «спроба нападу па рэгіёне спыненая на вялікай адлегласці ад горада». Разбурэнняў няма, даў справаздачу ён.
Ён таксама звярнуў увагу, што мясцовыя публікавалі ў інтэрнэце працу СПА. Навумаў папрасіў так не рабіць. «Не трэба паказваць ворагу, адкуль ідзе праца», – заявіў мэр расейскага горада.