УСУ пацвердзілі расстрэл акупантамі бяззбройных украінскіх ваеннапалонных
4- 3.12.2023, 10:16
- 13,056
Расея адкажа за злачынства.
Ва УСУ пацвердзілі інфармацыю медыя пра расстрэл украінскіх ваеннапалонных.
Пра гэта паведамляе Страткам УСУ.
«Расейская Федэрацыя чарговы раз парушыла законы і звычаі вайны, нормы міжнароднага права. На кадрах, апублікаваных у медыя, паказанае пакаранне смерцю двух ваеннапалонных Узброеных сілаў Украіны. Паводле пацверджанай інфармацыі, расейскія акупанты каторы раз падступна расстралялі бяззбройных салдатаў», – паведамлена на канале.
УСУ заклікалі міжнародную грамадскасць адрэагаваць і змусіць ваеннае кіраўніцтва Расеі да адказнасці.
«Заклікаем міжнародную грамадскасць асудзіць дзеянні Расеі і змусіць ваеннае кіраўніцтва краіны-агрэсаркі да адказнасці», – напісалі на канале.
Кадры расстрэлу расейцамі палонных байцоў УСУ можна паглядзець праз гэтую спасылку.
Раней ва УСУ паведамілі, што правяраюць відэа расстрэлу расейскімі акупантамі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія здаваліся ў палон, верагодна, каля Стэпавага Данецкай вобласці.
Сярод іншых тэлеграм-канал DeepState выклаў відэа, на якім відаць, як група акупантаў расстрэльвае двух вайскоўцаў падчас таго, як яны выходзілі з бліндажа. На відэа відаць, што адзін з вайскоўцаў трымаў рукі за галавой.
Паводле звестак DeepState, гэта адбылося каля Стэпавага, калі расейцы зайшлі на пазіцыі 45-га асобнага стралковага батальёна. «Вораг зайшоў на пазіцыі 45-га АСБ. Падчас зачысткі расейцы знайшлі бліндаж, у якім былі нашы хлопцы. Яны змушана здаваліся праз нястачу БК. Адразу як выйшаў другі баец... проста расстралялі абодвух», – адзначаецца ў паведамленні.
На запыт «Украінскай праўды» пацвердзіць гэтыя падзеі, прэс-сакратар АСВУ «Таўрыя» Аляксандр Штупун сказаў: «Расейскія акупанты штодня цынічна парушаюць правілы вядзення вайны. І гэтае відэа – абуральнае таму пацверджанне. Яно праходзіць адпаведныя працэдуры праверкі і дакументаванні. Падобныя злачынствы не маюць тэрміну даўніны, усе доказы будуць перададзеныя ў адпаведныя міжнародныя інстытуты, якія займаюцца вайсковымі злачынствамі».
Пры гэтым, як паведамляе hromadske, амбудсмэн Дзмітрый Лубінец ужо звернецца з гэтым відэа ў міжнародныя арганізацыі. «На відэа выразна відаць, што ўкраінскія вайскоўцы выконваюць усе неабходныя рэчы, якія паказваюць, што яны без зброі, што яны здаюцца ў палон і не нясуць ніякай пагрозы для расейскіх вайскоўцаў. Іх аўтаматычна павінны былі ўзяць у палон і надаць статус ваеннапалонных», – пракаментаваў амбудсмэн.
Ён выказаў перакананне, што ўкраінскія праваахоўныя і выведныя органы здолеюць фізічна вызначыць датычных да забойства ўкраінскіх ваеннапалонных.