Баец Міжнароднага легіёна УСУ адказаў на мары расейцаў пра «можам паўтарыць»
3- 3.12.2023, 15:57
- 15,200
«На Маскву, але летам».
21-гадовы грамадзянін Нямеччыны з поклічам «Ганс» прыехаў ва Украіну, каб ваяваць супраць расейскіх захопнікаў яшчэ ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі. У шэрагах Міжнароднага легіёна за гэты час ён паспеў пабыць баявым медыкам, пяхотнікам і аэравыведнікам.
«Ганс» разумее, што можа загінуць ва Украіне, аднак не збіраецца вяртацца дадому, ён таксама адказаў расейцам на іхняе любімае абяцанне «можам паўтарыць» і мары зноў дайсці да Берліна. Пра свае матывы далучыцца да Сілаў абароны Украіны малады ваяр расказаў праекту «Бамбардзір».
Ваяр Міжнароднага легіёна з поклічам «Ганс» родам з Нюрнберга. Да моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ён працаваў у Нямеччыне ў аўтамабільнай галіне. Калі ж Расея пачала агрэсію супраць Украіны на той момант 19-гадовы юнак адразу пастанавіў, што мусіць стаць на бок міру.
Пастанову «Ганса» ехаць у чужую краіну, каб ваяваць, зразумелі не ўсе ягоныя суайчыннікі.
«У канцы лютага кадры вайны ва Украіне былі ўсюды. Я пастанавіў проста спытаць у амбасадзе пра магчымасць паехаць ваяваць. Пасля таго як Зяленскі зрабіў заклік да добраахвотнікаў, я атрымаў адказ. А потым падрыхтаваў усё неабходнае, каб паехаць ва Украіну. Мая мэта – абараняць мірнае насельніцтва і змагацца за вольную Еўропу», – растлумачыў ваяр матывы, якія заахвоцілі яго пакінуць мірную Нямеччыну і з'ехаць у далёкую Украіну, дзе кіпіць вайна.
Калі журналіст пацікавіўся, што «Ганс» думае пра абяцанні расейцаў кшталту «можам паўтарыць» і іхнія мары «дайсці да Берліна», той зазначыў, што гэтыя сцвярджэнні яго вельмі весяляць. Бо амаль за два гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне свет убачыў, якім насамрэч з'яўляецца «другое войска свету» і наколькі рэальнасць адрозніваецца ад карцінкі, якую малявалі расейскія прапагандысты цягам дзесяцігоддзяў.
«[Калі расейцы крычаць "на Берлін" і "можам паўтарыць"], мне гэта проста смешна. У нас, немцаў, таксама ёсць прымаўка: "на Маскву, але летам". Мне, як і шматлікім маім сябрам проста ўсё роўна, што балбоча лысы мужчына ў Маскве, таму што ён усё роўна нічога не даб'ецца. Напрыклад, цяпер перад ім Украіна. Потым ідзе Польшча. Ён нават да Варшавы цяпер не можа дайсці, бо ён кіруе сваім войскам», – адзначыў ваяр.
За час поўнамаштабнай вайны ва Украіне «Ганс» ужо некалькі разоў быў паранены. І ён выдатна ўсведамляе, што на полі бою яго, як і любога з ягоных пабрацімаў у любую хвіліну можа падпільноўваць смерць.
«Страх? Усе баяцца. Хто кажа, што не баіцца – той хлусіць. У кожнага бываюць моманты, калі страшна. Ці баюся я смерці? Магчыма, што так. Але калі гэта здарыцца – я проста спадзяюся, што гэта адбудзецца хутка. Так, што я сам нават гэтага не змагу ўсвядоміць», – падзяліўся з журналістам вайсковец.
Пры гэтым, сцвярджае легіянер, у момант, калі пагроза максімальна сур'ёзная, страх адступае. Вяртаецца ён потым, ужо пасля бою або выкананага задання.
«Напрыклад, задачы ў Бахмуце ці іншыя задачы. Страху ніколі няма. Ты асцярожны, гэта натуральна, бо не хочаш, каб цябе забілі праз нейкую памылку. Але ты не баішся. Страх прыходзіць толькі потым, калі адрэналін зноў спадае, калі адрэналін выходзіць з твайго арганізма. Калі ты выкурваеш першыя 5, 6, 7 цыгарэтаў, калі ты пачынаеш рабіць медыцынскую дапамогу таварышам або пачынаеш правяраць, ці жывыя яны яшчэ – толькі тады ты пачынаеш усведамляць: вось дзярмо, на ягоным месцы мог быць я», – адзначыў «Ганс».
Малады немец не збіраецца складаць зброю і вяртацца ў бяспечную Нямеччыну. Гаворыць: яму не дазволіць гэтага зрабіць адчуванне незакончанасці ўласнай місіі.
«Чым болей доўжыцца вайна, тым больш зверстваў расейцы здзяйсняюць на ўкраінскай зямлі. Тым больш людзей гіне. Я, напрыклад, адчуваю, што зрабіў яшчэ не дастаткова. Магчыма, калі-небудзь надыдзе такі момант. Магчыма – не. Магчыма, у будучыні я страчу нагу і буду мець пратэз. Але, мабыць, буду прадаўжаць працаваць, нягледзячы ні на што. Проста адаптую сваю працу да таго, на што я здольны», – рэзюмаваў ваяр Міжнароднага легіёна.