22 снежня 2024, Нядзеля, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да 2025 года беларусаў у Літве можа быць ужо 100 тысяч

24
Да 2025 года беларусаў у Літве можа быць ужо 100 тысяч

Кіраўнік дзяржбяспекі бачыць пагрозы ў росце колькасці грамадзян Беларусі ў краіне.

У Літве павысілася актыўнасць беларускіх сілавых ведамстваў, яны прыцягваюць беларусаў у краіне, распавёў у інтэрв'ю LRT дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы Дарус Яўнішкіс. Ён адзначыў, што 80% прыезджых беларусаў – гэта эканамічныя мігранты.

Дарус Яўнішкіс сказаў, што «ледзь не з 2020 года, з тых псеўдавыбараў» у Літве назіраюць актывізацыю працы КДБ Беларусі, вайсковай разведкі і ГУБАЗіК МУС, трыгерам паслужыла яшчэ і агрэсія Расеі супраць Украіны.

«На гэты момант у Літве ўжо знаходзіцца больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі, якія маюць від на жыхарства або нейкую працоўную візу. За год прыязджае амаль 17 тысяч чалавек. Хачу падкрэсліць, што восем з дзесяці ўсё ж такі зʼяўляюцца эканамічнымі мігрантамі. Гэта не прадстаўнікі апазіцыі. Прадстаўнікі апазіцыі, якія актыўна апаніруюць рэжыму Лукашэнкі, складаюць толькі невялікую частку», – паведаміў Яўнішкіс.

Ён зазначыў, што частка гэтых людзей ездзіць з Літвы ў Беларусь і назад. Са слоў кіраўніка ДДБ, гэта «без сумневу, стварае беларускім спецслужбам пэўныя магчымасці для вярбоўкі, для аказання ўплыву, збору інфармацыі аб працэсах у Літве».

- Без сумневу, як я і казаў, гэта беспрэцэдэнтная актывізацыя. Гэта, зноў жа, вярбоўка на мяжы нашых грамадзян, здабыванне інфармацыі з іх тэлефонаў, лічбавых файлаў, спроба вярбоўкі падчас допытаў.

Без сумневу, з грамадзянамі Беларусі гэта адбываецца значна больш інтэнсіўна. Яны падарожнічаюць, бавяць некаторы час на тэрыторыі Беларусі. Гэта ідэальнае асяроддзе для іх вярбоўкі з боку беларускага КДБ ці іншых службаў, і, без усялякага сумнення, яны гэта робяць, а мы гэта фіксуем.

Яшчэ вельмі важна падкрэсліць, што зараз мы назіраем спробу вярбоўкі сучаснымі сродкамі, гэта значыць праз сацыяльныя сеткі. Скажам, прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ці прадстаўнікоў бізнэсу тут вярбуюць і яны знаходзяцца пад уплывам беларускага КДБ ці беларускага так званага ГУБАЗіКу, пра які я сказаў.

Праз сацыяльныя сеткі ім прапануюць супрацоўнічаць са спецслужбамі, даваць інфармацыю пра апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў Літве, а ў некаторых выпадках часам нават прапануюць плаціць за пэўную дзейнасць, якой яны займаліся раней. Мы бачым гэта вельмі дакладна.

Да 2025 года беларусаў у Літве можа быць ужо 100 тысяч

Цяпер у Літве легальна жывуць 60 тысяч грамадзян Беларусі. «І пры такой тэндэнцыі, што за год уязджае па 17 тысяч (скажам, з тымі ж працоўнымі візамі або дазволамі на часовае пражыванне), падлічыце – у 2025 годзе іх будзе амаль 100 тысяч», – адзначыў кіраўнік ДДБ.

«Гэта, я б сказаў, такая значная сіла. Як бы там ні было, відаць, прыйдзе той час, зʼявіцца тая чырвоная лінія, калі мы сапраўды ўжо не зможам спраўляцца, бо праверка сапраўды патрабуе часу, рэсурсаў і намаганняў. І няма ніякіх гарантый, што мы зможам усіх паглядзець, усіх праверыць. Як вы разумееце, не паставіш жа побач з кожным прадстаўніка разведкі ці паліцэйскага», – сказаў Яўнішкіс.

Ён уважае, што трэба ўніфікаваць санкцыі ў дачыненні да расейцаў і беларусаў: «Цяпер, магчыма, палітыкам і літоўскім ведамствам трэба будзе вырашыць, трэба ўніфікаваць умовы ці не. Наш абавязак – папярэдзіць аб пагрозах. Мы бачым у гэтым вялікі патэнцыял».

Нагадаем, міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце таксама сцвярджае, што неабходна вярнуцца да абмеркавання ўніфікацыі санкцыяў супраць расейцаў і беларусаў. Гэтае пытанне яна ўзняла якраз у сувязі з апошнімі папярэджаннямі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы аб пагрозах, што зыходзяць з Беларусі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках