ЦАХАЛ выявіў больш за 800 уваходаў у тунэлі ХАМАС
- 3.12.2023, 18:17
- 3,624
З пачатку вайны ізраільскія вайскоўцы разбурылі 500 з іх.
З пачатку наземных аперацый у сектары Газа Войска абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) выявіла больш за 800 уваходаў у сетку тунэляў баевікоў ХАМАС, і разбурыла 500 з іх.
Паводле паведамлення ЦАХАЛу, уваходы ў тунэлі былі знішчаны рознымі метадамі, у тым ліку з дапамогай узрыўчаткі і блокаў.
Таксама паведамляецца, што было разбурана шмат кіламетраў саміх тунэляў.
Уваходы ў тунэлі былі размешчаны ў грамадзянскіх раёнах. многія з іх – паблізу або ўнутры грамадзянскіх будынкаў і збудаванняў, такіх як школы, дзіцячыя сады, мячэці і дзіцячыя пляцоўкі.
У некаторых шахтах салдаты Войска абароны Ізраілю знайшлі вялікую колькасць зброі, што з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што ХАМАС наўмысна выкарыстоўвае цывільнае насельніцтва і інфраструктуру ў якасці прыкрыцця для сваёй тэрарыстычнай дзейнасці ў Газе, падкрэсліваецца ў паведамленні.