У Полацку і Наваполацку лукашысты затрымалі амаль 40 чалавек
4- 4.12.2023, 8:54
- 10,442

За дзень.
У Полацку і Наваполацку 1 снежня сілавікі затрымалі агулам амаль 40 чалавек паводле справы былой старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафзвязу на прадпрыемстве «Нафтан» >Вольгі Брыцікавай, паведаміла «Позірку» крыніца, якая пажадала застацца ананімнай (імя рэдакцыі вядомае).
Паводле інфармацыі крыніцы выдання, следства шукае «довады паводле справы Брыцікавай», але пакуль «у іх нічога няма».
- У пятніцу забралі 40 чалавек. Прыкладна палову з іх - у каго ёсць непаўналетнія дзеці, потым адпусцілі. Большасць затрыманых запалохвалі крымінальнымі справамі за прафсаюзную актыўнасць і фінансаванне пратэстаў, але для іх затрыманне і так можа скончыцца звальненнем без магчымасці працаўладкавацца пасля. Маці палохалі тым, што забяруць дзяцей у інтэрнат, - сказала крыніца.
У жніўні Брыцікава і адзін з лідараў забастоўкі на прадпрыемстве ў 2020 годзе Аляксандр Кухаронак былі затрыманыя ў рамках крымінальнай справы. Абвінавачваюцца паводле ч.2 арт.361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі, звернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі, учыніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, у тым ліку на выкарыстанне захадаў абмежавальнага характару (санкцый)).