27 снежня 2024, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ узнікла нястача патронаў для біятлону

12
У РФ узнікла нястача патронаў для біятлону

Праз санкцыі.

Абмежаванні імпарту праз заходнія санкцыі прывялі ў Расеі да дэфіцыту патронаў для біятлону. Спартоўцы страляюць тым, "што знайшлі", заявіў расейскі біятланіст, чэмпіён свету 2017 года Антон Бабікаў.

Ён падзяліўся ўражаннямі ад мас-старту на этапе Кубка Расеі ў Ханты-Мансійску. Паводле ягоных словаў, гонка была складаная не толькі праз моцны вецер.

"Страляць у такое надвор'е можна і трэба, але ёсць такі момант… Мала пра гэта гаворым, але цяпер складана знайсці патроны. Усе страляюць хто чым знайшоў. Калі раней адстрэльвалі партыі (патронаў – рэд.) найлепшых у свеце, то цяпер гэта проста рэшткі нейкія. Хто страляе са швэдскага, хто з чаго. Але спраўляемся, усё роўна памылкі свае", – сказаў Бабікаў у эфіры "Матч ТБ".

Ягоныя словы пацвердзіў у інтэрв'ю Legalbet.ru двухразовы алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Васільеў. Паводле ягоных словаў, "санкцыі вельмі моцна ўдарылі". "Раней мы выходзілі на старт з імпартным патронам, а сёння гэты патрон недаступны ў Расеі. Вытворцы сталі манапалістамі і задралі кошты, якія сталі непадымнымі. У нас жа застаўся толькі Клімаўскі завод, які робіць біятлонныя патроны, але, на жаль, якасць гэтага патрона вымушае жадаць лепшага. Што з гэтым рабіць – незразумела. Магчыма, тут варта ўмяшацца дзяржаве. Біятланісты пакутуюць, альтэрнатывы няма. Гэта сапраўды праблема", – сказаў Васільеў.

На ягоную думку, паралельны імпарт праз трэція краіны праблему не развяжа. "Паралельны імпарт не пройдзе. Гэты патрон трэба набыць. Найлепшыя патроны выпускае Нямеччына, а яны вельмі цвёрда ўсё адсочваюць. Яны ж ведаюць, колькі кожная краіна набывала. Калі з боку ўсходніх краінаў будзе сур'ёзная купля, то яны зразумеюць, што гэта для Расеі. То-бок гэта немагчыма. Санкцыі яны жорстка кантралююць", – дадаў спартовец.

На звязаны з санкцыямі дэфіцыт спартовай экіпіроўкі і інвентару яшчэ год таму скардзіліся прадстаўнікі футболу, хакею, веласпорту, фігурнага катання, фехтавання і веславання. З расейскага рынку сышлі Adidas, Puma, Nike, Reebok ды іншыя сусветныя брэнды.

У пачатку 2023 года першы намеснік міністра спорту РФ Азат Кадыраў прызнаў, што большая частка расейскіх спартовых федэрацый залежыць ад імпарту, а патэнцыял замяшчэння замежнага інвентару невялікі. "Мы прадаўжаем працаваць з федэрацыямі на прадмет імпартазамяшчэння тых ці іншых пазіцый. Да нас паступілі падрабязныя звесткі ад 30 федэрацый з нагоды неабходнага інвентару. Можна сказаць, што большая частка федэрацый імпартазалежныя. Патэнцыял імпартазамяшчэння ёсць, але ён невялікі. Ёсць інфармацыя ад федэрацый, што замяшчаць тыя ці іншыя пазіцыі проста нерэнтабельна", – казаў міністр (цытата паводле "РІА Навіны").

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках