У Магілёве будуць судзіць хлопца, якога ўжо выправілі ў калонію за каментары пра Лукашэнку
24- 4.12.2023, 20:25
- 18,206

Ён вярнуўся з Польшчы, паверыўшы следчаму.
Некалькі месяцаў таму магіляўчанін вярнуўся з Польшчы і атрымаў тры гады калоніі за каментары пра Аляксандра Лукашэнку, хоць следчы абяцаў, што пазбаўлення волі не будзе. Цяпер яго будуць судзіць адразу паводле трох артыкулаў, звязаных з «экстрэмізмам», паведамілі магілёўскія праваабаронцы.
Магілёўскі абласны суд 6 снежня пачынае закрыты судовы працэс у дачыненні да Аляксандра Кулікова. Раней хлопец вярнуўся з Польшчы і ўжо быў асуджаны за каментары пра Лукашэнку.
Цяпер магіляўчаніна будуць судзіць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
арт.361-5 – праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;
ч.3 арт.361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;
ч.1 арт.361-3 – удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу.
Што менавіта ставяць у віну магіляўчаніну – невядома. Суддзёй выступіць Дзяніс Кічыгін, які раней неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды, адзначылі праваабаронцы.
Нагадаем, Кулікоў у траўні 2023 года, ужо пасля пачатку крымінальнай справы, выехаў у Польшчу, дзе прабыў блізу месяца. Потым, калі верыць словам крыніцаў, яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла, што ёй тэлефанаваў следчы і пагражаў вышукам сына. У той самы час было абяцана, што калі Кулікоў вернецца, то яму будзе абраны захад пакарання, не звязаны з пазбаўленнем волі.
У выніку хлопца прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў КК: 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі) і 367 (паклёп на Аляксандра Лукашэнку). Суд асудзіў яго да трох гадоў калоніі.