1 верасня 2024, Нядзеля, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нятанная сукенка беларускага брэнду сапсавалася пасля першага мыцця

27
Нятанная сукенка беларускага брэнду сапсавалася пасля першага мыцця

Відэа.

Дызайнерка вясельных упрыгажэнняў патрапіла ў непрыемную гісторыю. Для вяселля сяброў яна набыла бліскучую сукенку беларускага брэнду. Пасля першага ж мыцця стала зразумела: надзець абноўку зноў наўрад ці атрымаецца, піша «Наша Нiва».

Дзяўчына сцвярджае: яна толькі паклала сукенку ў тазік з вадой, каб мякка ачысціць невялікае забруджванне пасля свята. Але атрымалася так, што большасць маленькіх бліскавак вымылася з тканіны і выглядаць сукенка стала не вельмі прэзентабельна. Дызайнерка адзначыла, што цяпер у бліскаўках уся кватэра і нават кот.

Відэа набрала больш за 715 тысячаў праглядаў. Некаторыя каментатары адзначылі, што таксама былі ў аналагічнай сітуацыі: хтосьці быў вымушаны выкінуць адзенне пасля першага мыцця, хтосьці нават не рызыкнуў мыць, таму што разумеў, чым усё скончыцца. Адна з жанчынаў адзначыла, што добра ведае такую тканіну: «Яна цяпер усюды дрэннай якасці. Гэтае напыленне будзе абсыпацца пры любым доглядзе. Там, мусіць, і крэсла пад вамі было ўсё ў бліскаўках».

Яшчэ адна дзяўчына падзялілася лайфхакам: «Набудзьце спрэй для елачных цацак з бліскаўкамі – і вернецца бляск. Я так на Новы год кашулю бліскаўкамі залівала».

Многія сцвярджалі, што праблемы няма: бо сукенкі, набытыя на святы, аднаразовыя і некалькі разоў іх апранаць нельга.

Вядома, знайшліся і каментатары, якія абвінавацілі дзяўчыну ў хлусні: «Відаць, што сукенку мылі ў машынцы, а не рукамі ў тазіку». У якасці доказу дызайнерка зняла яшчэ відэа, у якім прадэманстравала што бліскаўкі засталіся не толькі ў тазіку, але і ў ваннай, куды яна выліла ваду.

Дызайнерка адзначыла, што брэнд Cream, дзе яна набыла сукенку, ніяк не адрэагаваў на яе абурэнне.

Адна з чытачак «Нашай Нівы» надумала напісаць на старонку брэнду ў Інстаграме, каб даведацца пра гэтую сукенку (мадэль называецца Shine і каштуе 180 рублёў). Здаецца, там пытанню не здзівіліся і нават не сталі ўдакладняць, пра якое канкрэтна відэа ідзе гаворка.

Прадстаўніца брэнду сцвярджае, што за год продажу гэтай мадэлі ні разу не было сітуацыі, каб пасля правільнага догляду сукенка дэфармавалася нават мінімальна: «Нават з асабістага досведу магу сказаць, што сукенкі, топы, спадніцы ў бліскаўках не толькі нашага брэнду, але і многіх іншых пры правільным доглядзе надоўга застаюцца ў гардэробе і з задавальненнем носяцца шмат разоў».

Каб сукенка доўга праслужыла, параілі ці нядоўга далікатна мыць яе ў халоднай мыльнай вадзе, ці аддаваць у хімчыстку.

На каментар, што на відэа сукенка пасля мыцця выглядае сумна, прадстаўніца Cream прапанавала набыць сукенку і праверыць усё на асабістым досведзе.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках