27 лiпеня 2024, Субота, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штучны інтэлект навучыўся адрозніваць якаснае віно ад падробкі

7
Штучны інтэлект навучыўся адрозніваць якаснае віно ад падробкі

Таксама ШІ можа распазнаваць віны паводле пэўнага рэгіёну вырошчвання вінаграду.

Даследнікі навучылі алгарытм штучнага інтэлекту ідэнтыфікаваць паходжанне віна на аснове хімічных аналізаў, а таксама адрозніваць віны з тонкіх асаблівасцяў у канцэнтрацыях дзясяткаў злучэнняў, паведамляе The Guardian.

Такім чынам, штучны інтэлект можа распазнаваць віны не толькі паводле пэўнага рэгіёну вырошчвання вінаграду, але і паводле маёнтка, дзе яны вырабляліся. Многія чыннікі, ад вінаграду і глебы да мікраклімату і працэсу вінаробства, уплываюць на канцэнтрацыю злучэнняў, якія змяшчаюцца ў вінах у кожным шато.

«Вакол шмат махлярства з віном: людзі робяць нейкае дзярмо ў сваіх гаражах, друкуюць этыкеткі і прадаюць іх за тысячы даляраў. Мы ўпершыню дэманструем, што нашы хімічныя метады валодаюць значнай адчувальнасцю, каб вызначыць розніцу», – сказаў прафесар Аляксандр Пужэ з Жэнеўскага ўніверсітэта ў Швэйцарыі.

Каб навучыць праграму са штучным інтэлектам, навукоўцы звярнуліся да газавай храматаграфіі. Яе выкарыстоўвалі для аналізу 80 вінаў з сямі розных маёнткаў у французскім рэгіёне Бардо. Гэтая методыка звычайна выкарыстоўваецца ў лабараторыях для падзелу і ідэнтыфікацыі злучэнняў, якія ўтвараюць сумесь.

Замест таго каб спрабаваць знайсці асобныя злучэнні, якія адрозніваюць адно віно ад іншага, алгарытм абапіраецца на ўсе хімічныя рэчывы, выяўленыя ў віне, каб выпрацаваць найболей надзейны подпіс для кожнага. Праграма адлюстроўвае вынікі на двухмернай сетцы, дзе віны з падобнымі прыкметамі групуюцца разам.

«Першае, што мы ўбачылі, – гэта кластары, якія адпавядаюць пэўным шато. Гэта адразу дало нам намёк на тое, што для кожнага маёнтка ёсць спецыфічны хімічны подпіс», – сказаў Пужэ.

Даследаванне паказала цікавае становішча кластараў – яны адлюстроўвалі размяшчэнне адпаведных маёнткаў. «Калі мы робім гэтыя праекцыі з храматаграмаў, то аднаўляем мапу Бардо», – дадаў навуковец.

Даследаванне мяркуе, што штучны інтэлект зможа дапамагчы расследаваць махлярства, пацвярджаючы, ці адпавядае віно этыкетцы.

У Еўропе фальшывая выпіўка штогод зніжае продажы на €3 млрд. Нядаўнія выпадкі падкрэслілі памер злачынных сетак, актыўных у гэтай сферы. Сёлета чальцы банды былі асуджаныя за тое, што яны дастаўлялі танкерамі гішпанскае сталовае віно ў Францыю, а потым выдавалі яго за дарагое французскае.

Нягледзячы на тое, што выяўленне махлярства з'яўляецца найбольш відавочным выкарыстаннем праграмы, Пужэ заявіў, што гэты падыход можна выкарыстоўваць для маніторынгу якасці цягам усяго працэсу вінаробства і забеспячэння яго правільнага змешвання. «Змешванне вінаў з'яўляецца ключавым крокам у стварэнні цудоўнага бардо і шампанскага. Пакуль гэтым займаюцца некалькі вінаробаў, якім плацяць вар'яцкія грошы за іх майстэрства. Маючы такія інструменты, было б значна танней рабіць якасныя сумесі, якія прынясуць карысць усім», – падсумаваў Пужэ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках