Фінляндыя абвясціла пра «калядны падарунак» для УСУ
- 5.12.2023, 16:02
- 6,654
Міністр абароны раскрыў планы вытворчасці артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны.
У Фінляндыі анансавалі пачатак вытворчасці артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны.
Адпаведную пастанову ў краіне спадзяюцца ўхваліць да Калядаў.
Пра планы Хельсінкі паведаміў міністр абароны Анці Хаканен выданню Iltalehdelle. Паводле ягоных словаў, у найбліжэйшыя некалькі тыдняў Фінляндыя прыме важную пастанову аб павелічэнні вытворчасці артылерыйскіх снарадаў.
«Мы закончылі перамовы наконт таго, што Фінляндыя будзе і надалей павялічваць вытворчасць цяжкіх боепрыпасаў для ўзбраення Украіны. Гэтая пастанова будзе прынятая ў найбліжэйшы час», – сказаў Хаканен.
Хаканен падкрэсліў, што пытанне, верагодна, будзе развязанае да Калядаў (24 снежня), каб украінцы, якія змагаюцца за сваё існаванне, атрымалі ад фінаў каштоўны і такі неабходны калядны падарунак.
«Планы гатовыя. Цяпер абвешчаны план значнага павелічэння вытворчасці боепрыпасаў. Мэта – падтрымаць Украіну яшчэ мацней. У той самы час мы яшчэ больш падвышаем гатоўнасць Фінляндыі і Паўночнага рэгіёну да вытворчасці боепрыпасаў», – сказаў міністр.
Паведамляецца, што кошт павелічэння вытворчасці боепрыпасаў дасягае дзясяткаў мільёнаў еўраў.