Хрэнін «прыватызаваў» апартаменты ў цэнтры Менска
15- 6.12.2023, 9:52
- 12,268
Міністр абароны выкарыстоўваў арыгінальную схему, каб атрымаць элітную кватэру.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін выкарыстоўваў арыгінальную схему, каб атрымаць элітную кватэру на праспекце Пераможцаў у Менску.
Яшчэ ў снежні 2020 года ён стаў гаспадаром вялікай трохпакаёвай кватэры ў «Славянскім квартале» - прэстыжнае месца проста насупраць Стэлы.
Плошча ягонай кватэры на адрасе праспект Пераможцаў, 27 - 94 квадратныя метры. Мяркуючы з аб'яваў на сайтах нерухомасці, такія кватэры каштуюць блізу $300 тысяч. Аднак, хутчэй за ўсё, для Хрэніна жыллё абышлося нашмат танней.
Ён не проста набываў кватэру, а аформіў яе ў растэрміноўку. Такую магчымасць Хрэніну прапанавала Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Агульны кошт растэрміноўкі склаў 133 тысячы рублёў. На той момант гэта было амаль $52 тысяч. Хутчэй за ўсё, гэта і быў поўны кошт кватэры для міністра.
Тэарэтычна магчыма, што ён даплачваў нешта з уласнай кішэні стартавай аплатай, але «Наша Ніва»пакуль не фіксавала такіх выпадкаў у гісторыях з элітным жытлом беларускіх чыноўнікаў.
Так ці інакш, Хрэнін абавязаўся выплачваць кошт кватэры роўнымі выплатамі цягам сямі гадоў, што робіць і дагэтуль. Варыянт насамрэч выгадны, бо беларускі рубель працягвае падзенне. Цяперашнім курсам кошт растэрміноўкі паменшыўся ўжо да $42 тысяч.
Быў пэўны сімвалізм, што міністру абароны выдзелілі кватэру з выглядам на Стэлу праз чатыры месяцы пасля падзей жніўня 2020 года.
Нагадаем, што 9 жніўня маніфестанты, якія патрабавалі сумленнага падліку галасоў, хацелі сабрацца менавіта каля Стэлы, але іх разагналі з выкарыстаннем светлашумавых гранат.
16 жніўня 2020 года дэманстранты сімвалічна занялі гэтае знакавае месца Менска.
І тады 23 жніўня міністр абароны загадаў ачапіць Стэлу калючым дротам і паставіць на яе ахову курсантаў са зброяй.
«Свету - свет, а Хрэніну – хрэн». Такі лозунг набыў пасля гэтага папулярнасць.
Са «Славянскага квартала» адкрываецца выгляд на Стэлу і Парк Перамогі.