Кангрэс ЗША рыхтуе новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
6- 6.12.2023, 12:53
- 7,150
Ціск на рэжым Лукашэнкі будзе ўзмоцнены.
У Кангрэсе ЗША вядзецца падрыхтоўка новага Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі, паведаміў «Позірку» асноўны аўтар дакумента кангрэсмэн Крыстафэр Сміт.
Паводле ягоных слоў, калі дакумент будзе прыняты, ён стане ўжо пятым Актам аб дэмакратыі ў Беларусі — першы дакумент быў прыняты кангрэсам у 2004 годзе.
- Пытанне аб тым, што адбываецца ў Беларусі, неаднаразова ўздымалася, у тым ліку і ў камітэце замежных спраў кангрэса, — сказаў Сміт. — І хоць цяпер крытычна важна, што мы павінны падтрымліваць Украіну і спыніць вайну, якая там ідзе, мы таксама не можам прыбраць з нашага фокусу тое, што ў Беларусі 1500 палітычных вязняў (напраўду — блізу 8-10 тысяч — рэдакцыя), рэпрэсіі, безупынна затрымліваюць усё новых і новых людзей. Гэта тактыка тэрору.
Сміт адзначыў, што ў папярэднія гады выпадала дамагчыся вызвалення палітычных вязняў у тым ліку праз санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі.
- Потым пачаліся размовы, што, можа, «Лукашэнка не такі ўжо і дрэнны.» А я казаў, што ён самы горшы, і мы павінны падтрымліваць тых, каго прыгнятаюць, а не наладжваць кантакты з тым, хто прыгнятае. І Акт аб дэмакратыі ў Беларусі якраз пра гэта: ён паўторна зацвярджае існыя праграмы падтрымкі дэмакратызацыі Беларусі, заклікае да ўвядзення статусу часовай аховы для беларусаў, якія знаходзяцца ў ЗША, заклікае да санкцый, — заявіў суразмоўца.
Са слоў Сміта, цяпер вядзецца работа сярод іншых кангрэсмэнаў, каб яны далучаліся да дакумента ў якасці суаўтараў.
- Мы маем спіс тых, хто ўжо падтрымаў Акт аб дэмакратыі. Найбліжэйшым часам у мяне запланаваная сустрэча з маршалкам Палаты прадстаўнікоў у гэтым пытанні. І я вельмі аптымістычны наконт прыняцця акту. Спадзяюся, што да канца года ён будзе ўхвалены, — сказаў Сміт.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню быў прыняты ў 2004 годзе пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка правёў «рэферэндум», які дазволіў абірацца аднаму чалавеку прэзідэнтам (дэ-факта самому Лукашэнку) неабмежаваную колькасць разоў. Дакумент абнаўляўся ў 2006, 2011 і 2020 гадах у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і рэпрэсіямі, якія іх суправаджалі.
У прынятым у 2020 годзе дакуменце падкрэслівалася, што Лукашэнка не з'яўляецца легітымным кіраўніком Беларусі.
Дакумент павялічыў магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным мэдыям.