У Беларусі пачаліся рэйды з канфіскацыяй аўтамабіляў
6- 6.12.2023, 14:50
- 19,542
Колькі ўжо адабралі?
МУС Беларусі паведаміла, што «праводзіць комплекс мерапрыемстваў па выяўленні парушэнняў у сферы аўтамабільных пасажыраперавозак, у першую чаргу - грамадзян, якія ўплываюць на бяспеку».
Гэта рэйды супрацоўнікаў падраздзяленняў у барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і ДАІ, удзельнічаюць і прадстаўнікі іншых ведамстваў. У парушальнікаў адбіраюць не толькі аўтамабілі, але і грошы.
Сярод выяўленых махінацый - выкананне рэгулярных рэйсаў пад выглядам нерэгулярных злучэнняў, парушэнне парадку прыёму аплаты ад пасажыраў і выкарыстання касавага абсталявання, паведаміў тэлеграм-канал МУС Беларусі.
Нярэдкія выпадкі ігнаравання вознікамі ўсталяванага хуткаснага рэжыму, правіл манеўравання. Ёсць факты праезду на чырвоны сігнал святлафора, перамяшчэнне з няспраўнымі светлавымі прыборамі і зношанымі шынамі. Большасць з амаль дзвюх тысяч выяўленых правапарушэнняў звязаная з ігнараваннем патрабаванняў ПДР і правілаў бяспечнай перавозкі пасажыраў.
«За дапушчаныя парушэнні заканадаўства, звязаныя з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, канфіскаваныя 44 транспартныя сродкі», - паведамілі ў ведамстве.
Афіцыйны партал МУС прывёў прыклад нядаўняй канфіскацыі.
Міліцыянты Слонімскага РАУС спынілі 68-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, які ў салоне свайго аўтамабіля на восем месцаў перавозіў 14 пасажыраў, многія з якіх - непаўналетнія. У далейшым высветлена, што мужчына вёў дзейнасць без дамовы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці перад пасажырамі, без выкарыстання касавага апарата і аплатнага тэрмінала.
Аўтамабіль і грошы, атрыманыя ім за ўказаны рэйс, канфіскаваныя.