22 снежня 2024, Нядзеля, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці развяжа «венесуэльскі Пуцін» новую вайну?

11
Ці развяжа «венесуэльскі Пуцін» новую вайну?

Палітолаг мяркуе, што Мадура цалкам капіюе свайго крамлёўскага калегу.

Венесуэльскі дыктатар Нікалас Мадура абвясціў заходнюю частку суседняй Гаяны — Эсекіба — 24-м штатам краіны, папярэдне правёўшы «рэферэндум».

«Гэта наўпроставая пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Гаяны, суверэнітэту і палітычнай незалежнасці і парушэнне фундаментальных прынцыпаў міжнароднага права, запісаных у Статуце ААН», - адрэагаваў на гэта прэзідэнт Гаяны Ірфаан Алі.

Ці ёсць імавернасць вайны? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:

- Палітычна і збольшага юрыдычна створаны нейкі «casus belli», нагода для вайны. Таму рызыка нейкай ваеннай авантуры з боку Венесуэлы, вядома, ёсць. Большасць экспертаў ацэньваюць скептычна такі сцэнар, пакуль не бачаць перадумоў для ваенных дзеянняў, хутчэй размова ідзе аб такой паліттэхналагічнай камбінацыі.

Дзеянні Мадура разлічаны на тое, каб умацаваць, скажам так, свой аўтарытэт, узняць папулярнасць, паказаць сябе абаронцам нацыянальных інтарэсаў. Вонкава гэта вельмі нагадвае тое, што рабіў Пуцін. Гэта тое, што было з Крымам, тое, што адбылося са зменай статусу акупаваных тэрыторый. Нешта падобнае Мадура спрабуе рабіць, ён капіюе Пуціна.

Сам факт вайны, ахвяры, пакуты, разбурэнні, якія адбываюцца ва Украіне, гэта самы галоўны негатыў. Але Пуцін стварыў яшчэ і вельмі негатыўны прэцэдэнт у міжнародных дачыненнях. Цяпер можна развязваць палітычныя праблемы (прычым як унутрыпалітычныя, так і замежнапалітычныя) шляхам вайны. Не шляхам міжнароднага права, перамоў, а шляхам вайны і прэтэнзій на тэрыторыю суседніх краін.

Тут відавочна ідзе капіяванне дзеянняў Пуціна. Калі не спыніць непрыдатную і злачынную практыку выкарыстання вайны ў якасці інструмента прасоўвання палітычных інтарэсаў, тады свет проста будзе і надалей сутыкацца з ланцуговай рэакцыяй.

Сёння гэта адбываецца з дзеяннямі Расеі супраць Украіны. ХАМАС збольшага скапіяваў у змененай форме, напаўшы на Ізраіль. Цяпер Венесуэла заяўляе свае палітычныя прэтэнзіі. А хто яшчэ далей будзе рабіць гэта? Ёсць праблема, якая даўно існуе паміж Кітаем і Тайванем. Таму гэта вельмі небяспечная практыка.

- Ці ўмяшаюцца ЗША?

- Многія ўзгадваюць аналогію з тым, што зрабіў Садам Хусэйн, захапіўшы тэрыторыю Кувейта ў пачатку 90-х гадоў. Пасля гэтага, нагадаю, міжнародная супольнасць на ініцыятыву ЗША распачала вельмі сур'ёзныя дзеянні. Тады была першая міжнародная ваенная спецаперацыя (яе можна так назваць) супраць Ірака. Тады Садам Хусэйн пацярпеў паражэнне, вымушаны быў адступіць.

Думаю, што зараз на розных узроўнях і ў рознай форме дыктатару Мадура даюць зразумець і амерыканцы, і суседнія краіны Лацінскай Амерыкі, прынамсі, Бразілія, і многія іншыя сур'ёзныя краіны, што не варта ісці на эскалацыю. Паглядзім, ці ёсць інтарэсы Кітая ў гэтым рэгіёне, яны пакуль у Лацінскай Амерыцы менш праявілі сябе. Але ж дэстабілізацыя і ланцуговая рэакцыя можа стварыць праблемы і для кітайцаў у даляглядзе.

Амерыканцы, еўрапейцы, Бразілія і цэлы шэраг іншых краін і міжнародных арганізацый, думаю, зараз нефармальна, неафіцыйна, але дастаткова жорстка ціснуць на Мадура, каб ён не рабіў нейкіх агрэсіўных авантур, якія могуць для яго дрэнна скончыцца.

- Сапраўды, у гэтым канфлікце (і шэрагу іншых у свеце) можна заўважыць расейскі след, як вы і сказалі. А якія яшчэ гарачыя месцы могуць з'явіцца ў свеце з падачы РФ?

- Разумееце, вось усе абмяркоўвалі гэтую тэму пасля нападу ХАМАС на Ізраіль. Гэтая тэндэнцыя дэстабілізацыі, дзе пажар успыхвае то ў адным месцы, то ў іншым, вядома, наводзіць на думку, што гэтыя пажары выгадныя Расеі, бо яны адцягваюць увагу ад вайны РФ супраць Украіны, яны размяркоўваюць увагу Злучаных Штатаў, Еўрапейскага Звязу.

Цяпер сітуацыя патэнцыйнага канфлікту паміж Венесуэлай і Гаянай, ніхто ж не чакаў, што там можа ўзнікнуць такая праблема. Больш казалі, напрыклад, пра Балканы, гэта даўняя парахавая бочка Еўропы. У пачатку 20-га стагоддзя былі дзве Балканскія войны, Першая сусветная вайна пачалася на Балканах, рэгіён увесь час ліхаманіць. Нагадаю пра больш нядаўнія падзеі, у 90-я гады была крывавая шматгадовая вайна на тэрыторыі былой Югаславіі. Наступствы той вайны, не развязаныя канфлікты, застаюцца. Гэта канфлікт паміж Сербіяй і Косавым, успышкі былі і ў канцы мінулага года, і ў пачатку гэтага. Ёсць праблемы, іх крыху згладзілі, нейтралізавалі, але рызыкі застаюцца. Калі паднесці да гэтай парахавой бочкі запалкі або запаліць там агонь, то выбух можа быць, гэтыя рызыкі застаюцца.

Ёсць рызыкі, звязаныя з Босніяй. Самая крывавая вайна на тэрыторыі былой Югаславіі была менавіта ў Босніі, там было больш за ўсё ахвяр сярод мірнага насельніцтва. І мірная дамова сфармавала нейкую федэрацыю з трох суб'ектаў, адзін з якіх, сербская грамада, дакладней - кіраўніцтва гэтай грамады, публічна заяўляе, што яны жадаюць выйсці са складу федэрацыі і альбо стаць незалежнымі, альбо далучыцца да Сербіі. А гэта можа стварыць новы канфлікт. У 90-я гады ледзь-ледзь спынілі вайну, знайшлі складаную формулу міру, але зараз канфлікт можа зноў аднавіцца. Таму Балканы - у першую чаргу.

Натуральна, застаецца праблема Тайваня. Цяпер там няма такога моцнага напружання, крыху разрадзілася сітуацыя ў параўнанні з тым, што было год таму. Тады якраз было вельмі шмат канфліктаў, вельмі рэзкіх дзеянняў і заяў, вайскоўцы таксама актывізаваліся. Цяпер рызыка меншая, але на Тайвані ў студзені наступнага года будуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Некаторыя эксперты асцерагаюцца, што на выбарах пераможа адна з мясцовых партый, якая зараз пры ўладзе і прытрымліваецца ідэі абвяшчэння незалежнасці Тайваня.

Дэ-факта - ён і так незалежны ўжо даўно. У канцы 40-х гадоў Чан Кайшы пацярпеў паражэнне ў вайне з камуністамі, уцёк на Тайвань і стварыў там сваю кітайскую рэспубліку. У выніку яго партыя Гаміньдан вельмі доўга кіравала на Тайвані і яны ўважалі за Кітай сябе. А вось новыя палітычныя сілы, якія апошнія гады кіруюць на Тайвані, усё больш і больш схіляюцца да ідэі абвясціць незалежнасць Тайваня, каб гэта была незалежная дзяржава, асобная ад Кітая. А ў Пекіне гэта выклікае вельмі рэзкую негатыўную рэакцыю. Як будзе Кітайская Народная Рэспубліка і яе лідар Сі Цзіньпін рэагаваць на вынікі выбараў на Тайвані - гэта таксама патэнцыйная рызыка.

Балканы і Тайвань – гэта два месцы, дзе можа быць больш за ўсё патэнцыйных рызык. Думаю, што міжнародная супольнасць уважліва сочыць за гэтымі сітуацыямі і будзе дзейнічаць нават прафілактычна. Гэта значыць, будуць працаваць на апярэджанне, каб не дапусціць там узнікнення канфліктных сітуацый.

Ёсць таксама і пазітыўныя тэндэнцыі. Напрыклад, у сярэдзіне лістапада ў Сан-Францыска сустракаліся лідары ЗША і Кітая. Ёсць пэўная нармалізацыя стасункаў паміж дзвюма найбольш уплывовымі краінамі свету. Калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, то гэта будзе змяншаць міжнародную напружанасць. Але рызыкі, вядома, ёсць, у тым ліку - звязаныя з такімі, я б сказаў, не вельмі цывілізаванымі дзеяннямі цяперашняга венесуэльскага кіраўніцтва.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках