22 снежня 2024, Нядзеля, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць канструктарскага бюро з Віцебска

8
Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць канструктарскага бюро з Віцебска

На ім вырабляюць ударныя дроны для войска.

Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць фізічных асобаў і кампаній, якія забяспечваюць і фінансуюць расейскае войска і ваенпрам, паведамілі ва ўрадзе краіны. Пад абмежаванні трапіла і канструктарскае бюро «Дысплэй» з Віцебска, якое выпускае тэхніку для беларускага войска, у тым ліку ўдарныя беспілотнікі, адзначае «Люстэрка».

Як вынікае з прэс-рэлізу, 6 снежня новыя санкцыі ўвялі супраць 46 чалавек і прадпрыемстваў у Беларусі, Кітаі, Сербіі, Турцыі, ААЭ, Узбекістане і самой Расеі, якія прапануюць РФ падтрымку ў вайне супраць Украіны.

«Гэты крок ударыць па хворых месцах Расеі і пазбавіць Пуціна рэсурсаў, неабходных яму для незаконнай вайны з Украінай», – мяркуюць ва ўрадзе Вялікай Брытаніі.

Пад абмежаванні патрапіла віцебскае канструктарскае бюро «Дысплэй», якое спецыялізуецца на вытворчасці экранаў, ВК-панэляў, сістэмаў індыкацыі і падобных ім вырабаў.

У паведамленні зазначаецца, што арганізацыя звязаная з вытворчасцю ваеннай тэхнікі для беларускага рэжыму, які прапануе Расеі падтрымку ў вайне.

Нагадаем, «Дысплэй» сярод іншага распрацаваў айчынныя ўдарныя дроны «Баражавальная труба» і «Квадра-1400», якія ўжо знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускага войска.

Абодва коптары прызначаныя для выяўлення, распазнання і знішчэння лёгкай бронятэхнікі і жывой сілы, уключаючы тыя, што знаходзіцца ў лёгкіх хованках палявога тыпу ці збудаваннях. Яны ўзбройваюцца аднаразовымі рэактыўнымі супрацьтанкавымі гранатамі РПГ-26 і забяспечаныя цеплавізарамі, курсавымі і прыцэльнымі камерамі, так што могуць лётаць і наносіць удары і днём, і ноччу.

Таксама ў санкцыйны спіс Брытаніі патрапіла 31 фізічная і юрыдычная асоба з РФ, якія звязаныя з распрацоўкай і вытворчасцю беспілотнікаў і частак ракетаў, імпартам і пастаўкай ключавых кампанентаў электронікі.

Акрамя таго, санкцыі ўвялі супраць шэрагу асобаў і суб'ектаў, звязаных з ПВК Вагнера. У тым ліку супраць вайсковай групы «Русіч» і аднаго з яе кіраўнікоў Яна Пятроўскага, які ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай у Фінляндыі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні мяжы.

Нагадаем, напярэдадні санкцыйныя спісы ў дачыненні да Беларусі пашырылі ў ЗША. У тым ліку туды патрапілі некалькі прадпрыемстваў, бізнэсоўцаў – «кішэняў Лукашэнкі» і кіраўнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках