Выбух у жылым доме Полацкага раёна: Версія пра выбух газавага балона не пацвердзілася
13- 6.12.2023, 18:14
- 10,798
Двое пацярпелых у цяжкім стане.
5 снежня ў доме ў аграгарадку Захарнічы адбыўся выбух, у выніку якога моцна пацярпелі двое жыхароў. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбухнуў газавы балон. Але пазней высветлілася, што ён цэлы, паведамляе «Белсат».
Увечары 5 снежня ратавальнікі выехалі на выклік, у якім паведамлялася пра выбух, які адбыўся на другім паверсе шматкватэрнага дома ў аграгарадку Захарнічы Полацкага раёна.
Да прыбыцця ратавальнікаў мясцовыя жыхары дасталі з-пад завалаў жанчыну 1940 года нараджэння. Пазней атрымалася выратаваць 47-гадовага мужчыну. Абое жыхары былі дастаўленыя ў рэанімацыйнае аддзяленне Полацкай гарадской лякарні, іх стан ацэньваецца як цяжкі, але стабільны.
Акрамя таго, з дому было эвакуявана 11 жыхароў. Мясцовыя ўлады абяцаюць да канца дня рассяліць іх у часовае жыллё.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай выбуху стаў газавы балон. Але як пацвердзілі спецыялісты «Полацкгазу», якія прыбылі на месца здарэння, цэласнасць устаноўкі звадкаванага газу і двухканфорачнай пліты не была парушаная. Краны на пліце і вентыль газавага балона былі закрытыя. Дзеля бяспекі газавы балон быў вынесены ратавальнікамі за межы жылога памяшкання.
Цяпер у доме працуюць следчыя, якія апыталі пацярпелых і відавочцаў. Праверку праводзіць Полацкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Следчыя збіраюцца аддаць асаблівую ўвагу прычынам і ўмовам, якія спрыялі здарэнню.