«Вялікая сямёрка» ўвядзе эмбарга на расейскія дыяменты
3- 6.12.2023, 19:37
- 4,722
З новага года.
Заходнія краіны канчаткова дамовіліся пра ўвядзенне санкцый на дыяменты з Расеі. Забарона на імпарт пачне дзеянне з 1 студзеня 2024 г., потым цягам года паступова будзе ўводзіцца эмбарга на абарот камянёў.
Пра пастанову павінна быць абвешчана ў сераду, 6 снежня, пасля анлайн-сустрэчы лідараў «сямёркі», на якой будзе ўхваленая гэтая пастанова, піша Financial Times. Калі эмбарга на прамыя пастаўкі з Расеі пачне дзеянне з пачатку года, то абмежаванні на закупы ў трэціх краінаў пачнуць дзейнічаць з 1 сакавіка. Цалкам жа сістэма адсочвання неапрацаваных дыяментаў пачне працаваць з 1 верасня, расказалі газеце людзі, праінфармаваныя пра змест супольнай заявы G7.
Паводле іх словаў, «сямёрка» прадоўжыць кансультацыі датычна сістэмы адсочвання «з іншымі партнёрамі, уключаючы краіны, якія займаюцца як здабычай [дыяментаў], так і вытворчасцю» вырабаў з іх.
У пераходны перыяд дыяментавыя кампаніі змогуць выкарыстоўваць сістэму самадэкларавання, падобную да той, што дае Сусветная дыяментная рада, дадае крыніца Reuters. Паводле яе словаў, на пачатковым этапе абмежаванні будуць выкарыстоўвацца толькі да неапрацаваных камянёў (наконт аграненых краіны не змаглі дамовіцца).
Экспарт дыяментаў у 2022 г. прынёс Расеі блізу $4 млрд.
Санкцыі распрацоўваліся з мінулага года. Улетку Бельгія, найбуйнейшы сусветны ювелірны цэнтр, зняла свае пярэчанні і прапанавала абмежавальныя захады. Згодна з імі, усе дыяменты большыя за вызначаны памер атрымаюць унікальную маркіроўку, якая паказвае на іх паходжанне; звесткі будуць запісвацца ў блокчэйн. Такім чынам, паводле словаў дыпламатаў з краінаў «сямёркі», будзе маркіравацца «ад 80% да 90% дыяментаў у свеце», што дазволіць як аптовым, так і раздробным гандлярам імгненна аддзяляць легальныя дыяменты ад нелегальных.