Пуцін павысіў у званні генерала, які паставіў падначаленых пад залп HIMARS
- 6.12.2023, 21:34
- 11,056
УСУ тады знішчылі не толькі жывую сілу, але і тэхніку акупантаў.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прысваенні звання генерал-лейтэнанта Узброеных сілаў нараджэнцу Чачні Сухрабу Ахмедаву. Гэты военачальнік стаў вядомы падчас расейскага ўварвання ва Украіну ў чэрвені 2023 года, калі аддаў загад пашыхтаваць расейскіх вайскоўцаў у раёне Крамянной, падрыхтаваўшы іх да выступу, адзначае BBC.. У выніку УСУ нанеслі па зборы вайскоўцаў удар ракетай HIMARS.
«Дзве гадзіны людзі стаялі натоўпам на адным месцы і чакалі, калі камандзір дывізіі слова сваё матывавальнае прамовіць. Але замест яго сваё слова сказалі РСЗА HIMARS і артылерыя ворага. На Паўднёваданецкім кірунку за некалькі дзён у баях пацярпелых было менш, чым ад злачыннай дурасці камандзіра дывізіі», – адзначаў тэлеграм-канал «Рыбар». Паводле звестак прапагандыстаў, гаворка ішла не толькі пра жывую сілу, але і пра калону бронятэхнікі. Некаторыя праваенныя блогеры паведамлялі пра прыкладна сотню забітых і параненых. Паводле непацверджаных звестак, пад абстрэл трапілі падраздзяленні 144-й мотастралковай дывізіі 20-й агульнавайсковай арміі.
У лістападзе марскія пехацінцы 155-й брыгады Ціхаакіянскага флоту звярнуліся да кіраўніка Прыморскага краю Алега Кажамякі з лістом. Паводле іхніх словаў, за чатыры дні наступу яны страцілі «блізу 300 чалавек забітымі, параненымі і зніклымі без вестак». Байцы паскардзіліся, што іх кінулі ў «незразумелы наступ» на сяло Паўлаўка пад Вуглядарам у Данецкай вобласці. За планаванне аперацыі адказваюць «генерал Мурадаў і ягоны карыфан зямляк Ахмедаў». Яны, паводле словаў марпехаў, задумалі наступ, каб Мурадаў «зарабіў бонусы» ў кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава, а Ахмедаў атрымаў званне Героя Расеі.