21 снежня 2024, Субота, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пекін страчвае цікавасць: навошта Лукашэнка тэрмінова лётаў у Кітай

7
Пекін страчвае цікавасць: навошта Лукашэнка тэрмінова лётаў у Кітай

Пекін прыбраў дыктатара са спісу прыярытэтаў.

Аляксандр Лукашэнка другі раз за 2023 год пабываў у Кітаі - часцей ён ездзіць толькі ў Расею. Візіт выглядаў спантанным: Лукашэнка вылецеў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, дзе з 29 лістапада браў удзел у саміце аб клімаце, правёў 3 і 4 снежня ў Пекіне - і, мяркуючы з паведамленняў аб перамяшчэннях самалёта, вярнуўся ў ААЭ. Цікава, што 4 снежня стала вядома аб хуткім візіце Уладзіміра Пуціна ў ААЭ. У КНР у Лукашэнкі была сустрэча з Сі Цзіньпінам, наведванне Пекінскага ўніверсітэта, дзе вясной на практыцы быў ягоны сын Мікалай, і нават гульня ў хакей, піша Deutsche Welle.

Але навошта напраўду Лукашэнка спантанна лётаў у Кітай?

“Сі пагадзіўся на сустрэчу, Лукашэнка ўсё кінуў і паляцеў”

Кідаецца ў вочы некалькі дэталяў. Палёт Лукашэнкі з ААЭ у Кітай і назад выглядае як спантаннае дзеянне. "Візіт раптоўны, беларускія ўлады не хавалі гэтую акалічнасць, ды і сам Лукашэнка дзякаваў Сі Цзіньпіну за аператыўнасць", - удакладняе беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

На ягоную думку, мадэль стасункаў Кітая з Беларуссю раскідваецца: РБ была цікавая і важная як лагістычны хаб, праз які яшчэ ў 2019 годзе ішло 80-90% кітайскага транзіту ў ЕЗ, а ў індустрыяльным парку "Вялікі камень" кітайскія кампаніі павінны былі вырабляць прадукцыю для Еўропы.

“Але для гэтага стасункі з ЕЗ павінны быць добрымі. А ў рэальнасці транзіт кітайскіх грузаў скараціўся больш чым напалову. Беларусь страціла транзітны статус, які быў асновай беларуска-кітайскага сяброўства”, – мяркуе Карбалевіч.

З такой ацэнкай згодны палітолаг і экспэртка ў міжнародных дачыненнях Роза Турарбекава: “Тое, што Лукашэнка не быў запрошаны на саміт “Адзін пояс - адзін шлях” у кастрычніку гэтага года, выклікала пытанне, што не так у стасунках Менска і Пекіна. Думаю, Пекін незадаволены сітуацыяй на мяжы. Магчыма, Лукашэнка абяцаў яе палепшыць, але ў жніўні стала пытанне поўнай ізаляцыі. Гэта значыць, калі ён увесну рабіў візіт у Пекін (28 лютага - 2 сакавіка. - Рэд.) усё было нармальна, потым сітуацыя пагоршылася і запрашэнне на форум у Пекін ён не атрымаў”.

Экспэрты сыходзяцца ў меркаванні, што Лукашэнка прасіў асабістай сустрэчы з кіраўніком КНР. І атрымаў згоду на яе, калі быў у ААЭ. “Сі нечакана даў згоду, і Лукашэнка ўсё кінуў і паляцеў. Праўда, я з цяжкасцю ўяўляю, як сёння гэтыя праблемы можна развязаць”, - удакладняе Валер Карбалевіч.

“Пра тое, што візіт незапланаваны, сведчыць і рэакцыя кітайскай афіцыйнай прэсы. Я адкрыла сёння (5 снежня. - Рэд.) агенцтва “Сіньхуа”, там адзін радок аб візіце і дзве фатаграфіі. Кітайскія медыя не атрымалі матэрыялу, каб асвятліць гэта належным чынам”, - падае прыклад Роза Турарбекава.

Беларусь для Кітая не прыярытэт

“Безумоўна, "Вялікі камень" разглядалі для развіцця вытворчасці, паставак у ЕЗ, а краіну - як лагістычны хаб. Цяпер гэтыя перспектывы сышлі, каштоўнасць Беларусі для КНР з пункту гледжання лагістыкі страчаная, - кажа эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна. - І ўсё ж нельга сказаць, што ўсё спынілася. У "Вялікі камень" былі прынятыя новыя рэзідэнты. Беларускія чыноўнікі спрабуюць вывесці эканоміку з крызісу, і намаганні даюць свой плён, асабліва з тымі краінамі, якія могуць супрацоўнічаць з дзяржавамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. У тым ліку гэта Кітай”.

У плане замежнага гандлю Кітай зараз з'яўляецца для Беларусі другой краінай паводле ўзроўню тавараабароту.

“За студзень-жнівень 2023 года агульны замежны тавараабарот РБ - больш за 54 млрд даляраў, пры гэтым тавараабарот з Кітаем - 5,8 млрд, каля 12-13%. Не магу сказаць, што гэта шмат для другой паводле значнасці краіны, - тлумачыць эканамістка Настасся Лузгіна. - Раней процівагу Расеі складалі ЕЗ і Украіна, і гэта была іншая сітуацыя”.

Цікавасць з боку Беларусі, вядома, большая, згаджаецца эканаміст. Кітай без Беларусі спакойна пражыве. “Але ўсё ж зацікаўленасць засталася. Той самы калій, ён будзе патрэбны і ў наступным годзе. Тавары накшталт сухога малака, - удакладняе Настасся Лузгіна. - Ды і ў Беларусі хай невялікі, па кітайскіх мерках, але рынак ёсць. Напрыклад, і Расея, і Беларусь пераходзяць на кітайскія аўтамабілі. Калі глядзець на тавараабарот, то расце імпарт у Беларусь аўто і абсталявання, і можна меркаваць, што значная частка пастаўляецца з Кітая”.

І ўсё ж Беларусь зараз мацней за ўсё залежыць ад РФ, нагадвае эканамістка. Паводле яе слоў, Кітай - важны партнёр, але беларуская эканоміка зрошчваецца з расейскай, таму ўлады будуць, перш за ўсё, улічваць інтарэсы РФ, калі казаць аб палітычных пастановах, такіх як наладжванне стасункаў з Захадам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках