27 лiпеня 2024, Субота, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У старажытным палацы пад Гародняй знайшлі бутэлькі з віном, якім 200 гадоў

25
У старажытным палацы пад Гародняй знайшлі бутэлькі з віном, якім 200 гадоў

Спецыялісты расказалі, ці можна яго піць.

У Свяцкім палацы, збудаваным у XVIII стагоддзі недалёка ад Гародні, падчас рэстаўрацыі знайшлі паўтара дзясятка бутэлек віна двухсотгадовай вытрымкі. Іх падалі на вывучэнне ў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз: там распавялі нямала падрабязнасцяў, самае галоўнае - ці можна піць знойдзенае віно, піша «АіФ».

Падчас рамонтна-рэстаўрацыйных работ у невялікім адасобленым будынку вінакурні Свяцкага палацава-паркавага комплексу будаўнікі выпадкова натрапілі на 15 старадаўніх бутэлек, закаркаваных і закапаных у зямлю.

Рэліквію аддалі на вывучэнне ва ўправу Дзяржкамітэта судовых экспэртыз Гарадзенскай вобласці. Тамака прызналіся, што за час практыкі бачылі ўсякае, але з падобнай знаходкай сутыкнуліся ўпершыню.

Па выніках экспэртызы бутэлькі былі аналагічныя тым, што выпускаліся ў Англіі з XVII стагоддзя. Форма ў іх няправільная, а гэта значыць, што яны вырабляліся ўручную шкловыдзімальшчыкамі. Аб гэтым жа гаворыць і адсутнасць на іх маркавання. Раней вінаробы папросту ляпілі на бутэлькі этыкеткі, уручную запісваючы на іх, што заліта. Шклотара тады не мела асаблівага значэння, таму на знойдзеных у Свяцку бутэльках няма ніводнага кляйма.

У ніжняй частцы знойдзеных у земляной падлозе бутэлек маюцца паглыбленні, названыя «пунтам»: такія часта ёсць і на сучаснай тары для віна. Пунт патрэбны для спрашчэння транспартавання бутэлек у гарызантальным становішчы, ён дазваляе рыльца адной бутэлькі ўпірацца ў дно другой і надзейна фіксавацца. Акрамя таго, паглыбленне служыць месцам збору асадка пры захоўванні віна, выступае свайго роду "маркерам" пры разліве віна ў куфлі для памяншэння трапляння завісяў.

Дарэчы, вырабленыя знойдзеныя бутэлькі з празрыстага шкла, пакрытага напластаваннямі розных колераў з адлівамі, а пасля іх вымання з зямлі расфарбоўка пачала мяняцца пад уздзеяннем святла і кіслароду. Бутэлькі залітыя воскам у якасці корку - гэта рэчыва герметычна абараняе вадкасць усярэдзіне ад агрэсіўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя і дазваляе захоўваць змесціва пасудзіны на працягу стагоддзяў.

І, нарэшце, самае цікавае: напой унутры бутэлек сапраўды быў віном, дакладней, тым, што ад яго засталося. Вадкасць моцна пахне воцатнай кіслатой, хоць і захавала ноткі характэрнага для вінаграднага віна водару. Утрыманне этылавага спірту ў ёй складае 1,5% аб.

На жаль, хоць знойдзенае віно з'яўляецца звышвытрыманым, да ўжывання яно ўжо не прыдатнае, пастанавілі экспэрты. Вызначыць аж да года яго дакладны ўзрост фактычна немагчыма, аднак, відавочна, напою блізу двухсот гадоў.

Свяцкі палацава-паркавы комплекс будаваў багаты шляхецкі род Валовічаў. Асноўныя працы выконваліся ў перыяд з 1779 да 1810 года паводле праекту італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака, які сумясціў рысы класіцызму і барока. Вонкава палац вельмі нагадваў французскі Версаль.

У 1930-я гады з'явіўся праект ператварэння палаца ў наркалагічную лякарню, часткова ён нават рэканструяваўся. У савецкія часы тут размясцілі шпіталь, а ў 1992—2007 гадах праходзілі рэабілітацыю хворых на туберкулёз. Цяпер палацава-паркавы комплекс знаходзіцца ў распараджэнні ААТ «Санаторый Азёрны». Лічыцца помнікам архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII стагоддзі, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках