Зяленскі збіраецца на інаўгурацыю новага прэзідэнта Аргенціны
21- 7.12.2023, 18:46
- 4,136
![Зяленскі збіраецца на інаўгурацыю новага прэзідэнта Аргенціны](https://i.c97.org/ai/461353/aux-head-1648624011-20220329_zelenskiy_360.jpg)
Гэта будзе ягоная першая паездка ў Лацінскую Амерыку з пачатку расейскага ўварвання.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі будзе прысутнічаць на інаўгурацыі новага прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея ў нядзелю, 10 снежня. Пра гэта ў чацвер, 7 снежня, паведамляе аргенцінскае выданне TN са спасылкай на амбасаду Украіны.
Чакаецца, што Зяленскі прыбудзе раніцай 10 снежня. Гэта будзе ягоная першая паездка ў Лацінскую Амерыку з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну, што з'яўляецца «моцным палітычным жэстам у дачыненні да рэгіёну», піша выданне.
Запрашэнне Зяленскага таксама з'яўляецца відавочным жэстам Мілея ў бок Украіны і азначае адыход ад нейтральнай пазіцыі, занятай адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта краіны Альберта Фернандэса, падкрэсліваецца ў матэрыяле.
Паводле звестак выдання, прысутнасць украінскага прэзідэнта ў Аргентыне прымусіць узмацніць пратаколы бяспекі на інаўгурацыі, паколькі «ён стаў аб'ектам некалькіх замахаў з боку Расеі».