Турцыя і Грэцыя падпісалі дэкларацыю аб сяброўстве і добрасуседстве
2- 7.12.2023, 19:11
- 3,666
![Турцыя і Грэцыя падпісалі дэкларацыю аб сяброўстве і добрасуседстве](https://i.c97.org/ai/574559/aux-head-1701965507-20231122_peregovory_360.jpg)
Дэталі.
Прэм'ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган падпісалі ў Афінах супольную дэкларацыю аб сяброўстве і добрасуседстве. Пра гэта паведаміла грэцкае выданне Kantimerini.
Паводле звестак выдання, у дакуменце бакі падкрэслілі важнасць супрацоўніцтва для рэгіянальнага росквіту, неабходнасць прадаўжэння працы на карысць абодвух народаў і імкненне ўмацаваць двухбаковыя сувязі праз прамыя кансультацыі.
Краіны дамовіліся развіваць сяброўскія стасункі, узаемную павагу і мірнае суіснаванне, развязваючы любыя рознагалоссі мірнымі сродкамі і ў адпаведнасці з міжнародным правам і Статутам ААН, адзначылі ў выданні.
Згодна з дакументам, Турцыя і Грэцыя таксама абавязаліся ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія могуць парушыць мір і стабільнасць у рэгіёне.
Гэтая дэкларацыя не з'яўляецца міжнароднай дамовай, абавязковай для краінаў у адпаведнасці з міжнародным правам, падкрэсліла выданне. Ніводнае палажэнне гэтай дэкларацыі не стварае юрыдычныя правы або абавязальніцтвы для краінаў.
Таксама паводле звестак выдання Эрдаган пасля сустрэчы з Міцатакісам заявіў, што паміж краінамі «няма ніякага пытання, якое было б не развязанае».
«Мы засяродзімся на агульнай карціне і не будзем падобныя да тых, хто пераплывае мора і тоне ў рацэ», – падкрэсліў прэзідэнт Турцыі.
У выданні адзначылі, што яны хацелі б павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю да $10 млрд, а Эрдаган заявіў, што абедзве краіны маглі б атрымаць карысць са штогадовых сустрэчаў на вышэйшым узроўні.
«Геаграфія і гісторыя дыктуюць, што мы жывем па суседстве. Але я адчуваю гістарычную адказнасць за тое, каб выкарыстоўваць гэтую магчымасць для збліжэння дзвюх дзяржаваў, роўна як і нашыя межы», – сказаў Міцатакіс.
Грэцыя і Турцыя дзесяцігоддзямі варагавалі праз пытанне, дзе пачынаюцца і заканчваюцца іх кантынентальныя шэльфы, энэргетычныя рэсурсы, пралёты над Эгейскім морам і этнічна падзелены Кіпр. У 1990-я гады краіны апынуліся на мяжы вайны, а апошнія гады спрачаюцца праз энэргетычныя рэсурсы Усходняга Міжземнамор'я, пытання абароны, міграцыі і набыцця знішчальнікаў, што перапыніла перамовы аб супрацоўніцтве.