28 лютага 2024, Серада, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламент Даніі забараніў публічнае спаленне Карана, Бібліі і Торы

Парламент Даніі забараніў публічнае спаленне Карана, Бібліі і Торы

Такія дзеянні стануць крымінальнымі і будуць карацца пазбаўленнем волі тэрмінам да двух гадоў.

Парламент Даніі прыняў закон, які забараняе публічнае спаленне святых пісанняў, у тым ліку Карана, Бібліі ці Торы. Новую заканадаўчую норму ў чацвер, 7 снежня, пасля чатырохгадзінных дэбатаў падтрымалі ў трэцім чытанні 94 дэпутаты фалькетынгу, супраць былі 77 парламентарыяў. Закон забараняе «неналежнае абыходжанне» з тэкстамі рэлігійнага зместу, таму публічныя спаленні Карана, якія неаднаразова выклікалі масавыя пратэсты ў мусульманскім свеце, цяпер будуць уважацца за крымінальнае злачынства.

Акрамя таго, новая норма забараняе апаганьваць, таптаць нагамі, ірваць, разразаць і праколваць тэксты рэлігійнага зместу. За парушэнні можа быць прызначанае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам улады Даніі адрэагавалі на масавыя пратэсты ў мусульманскіх краінах за апошнія месяцы, якія ў некаторых выпадках прывялі да абвастрэння двухбаковых стасункаў. Да гэтага часу прынцып свабоды выказвання меркавання разглядаўся ў Даніі такім усёабдымным чынам, што не забараняў спалення Карана і аналагічных дзеянняў.

Міністр юстыцыі Даніі Петэр Хумельгорд назваў выпадкі спалення Карана «здзеклівымі актамі, якія наносяць шкоду бяспецы датчанаў як за мяжой, так і ўнутры краіны». Пры гэтым размова ідзе пра больш цывілізаваныя спосабы выказвання меркаванняў, а не пра забарону ўладаў думаць або гаварыць пра што-небудзь, дадаў ён.

Паводле звестак паліцыі, з 21 ліпеня да 24 кастрычніка ў Даніі ўчыненыя 483 акты спалення кніг і сцягоў. Аналагічныя акцыі са спаленнем Карана адбываліся ў Швэцыі. Гэтыя дзеянні выклікалі пратэсты ў арабскім свеце. Пасля чарговага спалення Карана ў Даніі сотні дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Багдада і сабраліся ля амбасады Даніі ў Іраку. Сілавікі разагналі прысутных з вадамётаў. Гуманітарная арганізацыя дапамогі бежанцам Dansk Flygtningehjælp зазнала ўзброены напад у Іраку.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках