27 лiпеня 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бялынічах дзеці ўчынілі пажар у мясцовым інтэрнаце

2
У Бялынічах дзеці ўчынілі пажар у мясцовым інтэрнаце

Моцна пацярпела 11-гадовая дзяўчынка.

У Бялынічах падлеткі, якія забаўляліся ў фае інтэрната, падпалілі дзіцячыя вазкі. У выніку моцна абгарэла 11-гадовая дзяўчынка і дарослы мужчына, які спрабаваў яе выратаваць. Пра гэта са спасылкай на прадстаўніка СК паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».

Увечары 22 лістапада ў інтэрнаце ў Бялынічах загарэлася фае. У выніку здарэння сур'ёзна пацярпела 11-гадовая дзяўчынка (яна атрымала больш за 70% апёкаў цела) і 45-гадовы мужчына (25% апёкаў). Супрацоўнікі МНС аператыўна ліквідавалі загаранне, прадухіліўшы яго катастрафічныя наступствы, бо ў інтэрнаце пражывала больш за сто чалавек.

Праваахоўнікі паводле запісаў камераў відэаназірання аднавілі карціну здарэння і па гарачых слядах вызначылі віноўнікаў здарэння. Высветлілася, што ў фае інтэрната двое 12-гадовых і 13-гадовы школьнікі падпалілі дзіцячы вазок.

«Дзеці зайшлі ў інтэрнат пагрэцца. Спачатку яны сядзелі на кафлянай падлозе, пасля на прыступках і гулялі ў мабільныя тэлефоны. Потым надумалі пазабаўляцца: прыняліся ўсаджвацца ў дзіцячыя аўтакрэслы і вазкі, якія стаялі ў фае. Дарослыя зрабілі некалькі заўваг хлопцам, але словы не падзейнічалі. Школьнікі сказалі, што чакаюць сябра і прадоўжылі дурэць. У аднаго з іх, 12-гадовага хлопца, у руках апынулася запальнічка», – піша агенцтва.

Ужо пасля здарэння хлопчык растлумачыў следчаму, што думаў падпаліць сухую галінку, якая тырчала з брыля каляскі. Тая загарэлася, ён спалохаўся і паспрабаваў збіць агонь. Пасля інцыдэнту з вазком дзеці хутка пакінулі інтэрнат.

Сінтэтычны матэрыял успыхнуў за секунды. Полымя перакінулася на іншыя вазкі, спрацавала пажарная сігналізацыя. У гэты момант у адным з пакояў знаходзілася 11-гадовая дзяўчынка – яна выбегла ў калідор і, паводле папярэдняй інфармацыі, праз моцнае задымленне дэзарыентавалася ў абстаноўцы. Дзяўчынка, спатыкнуўшыся, упала, пачала плакаць і клікаць на дапамогу. На крыкі дзіцяці прыбег сусед, аднак падлетка ў густым дыме знайсці не змог і сам страціў прытомнасць. Пажарны разлік, які прыбыў на месца здарэння, патушыў агонь у фае і вынес іх дваіх на паветра.

Праз два тыдні пасля таго, што здарылася, стан дзяўчынкі ўсё яшчэ ацэньваецца як вельмі цяжкі. Мужчыну перавялі з рэанімацыі ў апёкавае аддзяленне лякарні.

Вызначана, што падпал учыніў 12-гадовы падлетак. Не прайшло і месяца, як яго знялі з уліку ў ІСН, дзе ён ужо быў за дробны крадзеж і хуліганства. Хлопчык расце без маці. Бацька знаходзіцца ў раз'ездах – працуе дальнабойнікам. Выхаваннем дзіцяці займаецца сужыцелька бацькі. Адміністрацыя школы характарызуе навучэнца нездавальняльна, у яго нізкая паспяховасць.

Следчы камітэт праводзіць паводле гэтага факту праверку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках