«У Пуціна ёсць адзін-паўтара месяца»
3- 8.12.2023, 12:43
- 11,570
Вельмі шмат што стаіць на коне.
У сувязі з тым, што ЗША ўсё ніяк не могуць узгадніць фінансаванне вайсковай дапамогі Украіне, найбліжэйшыя паўтара месяца будуць асабліва небяспечнымі. Галоўная праблема ў СПА.
Пра гэта ў сваім блогу піша вядомы расейскі вайсковы аглядальнік Ян Мацвееў.
Ён адзначыў, што ў сувязі з надыходам Калядаў і вакацый Злучаныя Штаты могуць перанесці галасаванне за вайсковую дапамогу Украіне на 2024 год.
Гэта прывядзе да таго, што Амерыка не зможа перадаць Кіеву новыя комплексы супрацьпаветранай абароны (СПА) раней за люты-сакавік наступнага года. І гэта трывожная навіна для ўсіх украінцаў.
«У Пуціна ёсць мінімум 1-1,5 месяца на масаваныя зімовыя ўдары. А Украіна можа спадзявацца толькі на тое СПА, што ўжо ёсць», - паведаміў Мацвееў.
Ён таксама нагадаў: Расея за апошні год здолела наладзіць вытворчасць на сваёй тэрыторыі дронаў-камікадзэ «Шахед», а гэта значыць, што зімовыя атакі могуць стаць больш масаванымі і сур'ёзнымі, чым год таму.
Украіне давядзецца вельмі няпроста. А вось з іншым узбраеннем сітуацыя ідзе крыху лепш, упэўнены Мацвееў. Раскансервацыя і рамонт бранятэхнікі і артылерыі займае блізу 1-2 месяцаў, і амерыканцы могуць паспець іх паставіць. Аднак рызыкі затрымак усё адно ёсць.
«Кожны тыдзень затрымкі будзе зрушваць гэты гарызонт, а разам з ім будзе затрымлівацца і новы вяснова-летні наступ УСУ. Чым пагражаюць такія затрымкі, мы ўжо бачылі сёлета. Без значнага пакета дапамогі ЗША нармальна папоўніць войскі для паўнавартаснага нападу не атрымаецца», - паведаміў расейскі экспэрт.
На ягоную думку, УСУ спатрэбіцца прыкладна 100-150 баявых танкаў, удвая больш браневікоў, а таксама 2-3 дывізіёна артылерыйскіх установак.
Гэта створыць перавагу і дазволіць украінцам атакаваць расейскія пазіцыі.
«Вельмі шмат што стаіць на коне для Украіны цяпер», - канстатаваў Мацвееў.