У дзіцячых паліклініках Беларусі праблемы з вакцынамі ад адру
- 8.12.2023, 14:31
- 1,740
У Міністэрстве аховы здароўя паспрабавалі апраўдацца.
Беларусь нібыта закупіла партыю бэльгійскай вакцыны для прафілактыкі адру - яе дастаткова на паўгода, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Так у ведамстве пракаментавалі інфармацыю аб тым, што ў некаторых дзіцячых паліклініках Беларусі адзначаюцца праблемы з вакцынамі ад адру.
У Беларусі для прафілактыкі адру даступныя два лекавыя прэпараты: вакцына (адзёр, краснуха і паратыт) Serum Institute of India (Індыя), вакцына Вектар ГНЦ СБ (Расея).
«Міністэрства аховы здароўя закупіла партыю вакцыны Прыёрыкс GlaxoSmithKleine (Бэльгія) — яна ўжо ўвезеная і разлічаная на паўгода. Вакцын досыць для ўсіх, каму неабходна вакцынацыя. Цяпер лекавы сродак праходзіць кантроль якасці. На працягу двух тыдняў чакаецца яе пастаўка ў арганізацыі аховы здароўя», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў некаторых дзіцячых паліклініках Менска нельга зрабіць прышчэпку ад адру. Са звестак Міністэрства аховы здароўя, за гэты год зарэгістравана 140 выпадкаў заражэння адром. А з лістапада назіраецца ўздым захворвання - ужо зарэгістравана больш за 90 выпадкаў.