Чэргі на мяжы перад выходнымі растуць
2- 8.12.2023, 14:42
- 2,670
Самым загружаным на шляху ў Еўразвяз з Беларусі застаецца польскі памежны пераход.
Абноўленыя звесткі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі гавораць аб тым, што на 12:00 чарга на ўезд у Еўразвяз складала 3 375 грузавых аўто, пры гэтым больш за ўсё аўто ў чэргах у Літву.
На беларуска-літоўскай мяжы найбольшая колькасць грузавікоў чакае ўезду ў Салечнікі (Беняконі) - блізу 900 транспартных сродкаў. Кантрольныя службы гэтага памежнага перахода за 24 гадзіны прапусцілі на сваю тэрыторыю ўсяго 39% фур.
Са звестак ДПК Беларусі на 12:00, чэргі фур на беларуска-літоўскім кірунку складалі:
Катлоўка - 330,
Каменны Лог - 480,
Беняконі - 890,
Прывалка - 155.
У чарзе ў Латвію 420 грузавых аўтамабіляў (Грыгароўшчына).
Самым загружаным на шляху ў Еўразвяз застаецца польскі памежны пераход Кукурыкі (Казловічы). Уезду ў ЕЗ праз адзіны польскі пункт пропуску, які функцыянуе для грузавікоў, чакаюць 1 100 фур. За дзень сумежны бок прапусціў на сваю тэрыторыю блізу 70% транспарту ад нормы, паведамляе ДПК Беларусі.
Легкавых аўто на ўезд у ЕЗ найбольш (на 12:00) было таксама на беларуска-літоўскім кірунку. Перад усімі літоўскімі пунктамі пропуску сумарна фіксуецца больш за 140 адзінак легкавога транспарту:
Катлоўка - 50,
Каменны Лог - 40,
Беняконі - 25,
Прывалка - 30.