Лукашысты затрымалі арганізатараў сэрвісу «Ліст.бел»
- 8.12.2023, 18:46
- 9,266
На іх пачатая крымінальная справа.
Сілавікі затрымалі двух мужчынаў, якіх называюць «арганізатарамі сэрвісу ананімных лістоў» для палітвязняў. Відэа з імі з'явілася ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя – Ігар Вуглік і Аляксандр Лыкшын. Вуглік, як адзначылі ў «Вясне», мае інваліднасць.
«Іх затрымалі прыкладна 29 лістапада, цяпер яны знаходзяцца на Валадарцы ў межах крымінальнай справы», – паведамілі праваабаронцы.
Лыкшын сказаў, што з'яўляецца заснавальнікам ТАА «Рэгіёны Бай Груп», якая займаецца адпраўкай лістоў зняволеным. Рэквізіты гэтай кампаніі размешчаныя і на сайце «Ліст.бел».
На «пакаянных» відэа мужчынаў прымусілі сказаць, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года.
«Адзначым, што, паводле наяўнай інфармацыі, сілавікі не змаглі атрымаць доступ да сэрвісу, хоць у сваім відэа яны сцвярджаюць адваротнае. А ўсе асабістыя звесткі тых, хто дасылае лісты, захоўваюцца на пошце», – паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».