У Тбілісі прайшоў шматтысячны праеўрапейскі марш
2- 9.12.2023, 21:25
- 6,512
Да маніфестантаў далучылася і прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі.
Дзясяткі тысяч чалавек, жыхары грузінскай сталіцы і дванаццаці найбуйнейшых гарадоў, узялі ўдзел у праеўрапейскім маршы са слоганам «Грузін – значыць еўрапеец». Удзельнікі прайшлі па праспекце Руставелі – галоўнай вуліцы краіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Дэманстрацыя, ініцыятарам якой выступілі празаходнія палітычныя партыі і няўрадавыя арганізацыі, пачалася з плошчы Рэспублікі і завяршылася на плошчы Еўропы. Там дэманстранты разгарнулі вялізны сцяг Еўрапейскага звязу.
На плошчы Еўропы да маніфестантаў далучылася прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі.
- Мы хочам у Еўропу, бачыце, столькі людзей выйшла на вуліцы, каб прадэманстраваць Еўропе нашае памкненне, – заявіла журналістам кіраўніца дзяржавы. З ейных слоў, Еўропа – гэта прастора дзе чалавек і яго меркаванне мае вялікае значэнне.
Кіруючая ў краіне партыя «Грузінская мара» (ГМ) не ўзяла ўдзел у дэманстрацыі.
На думку сябра палітрады партыі «Лела» Бадры Джапарыдзэ «менавіта барацьба грузінскага народа, насуперак намаганням ГМ», пераканала летась Еўрапейскую камісію прызнаць Грузію краінай, якая валодае еўрапейскай перспектывай.
Былы амбудсмэн Ніно Ламджарыя назвала галоўнай мэтай маніфестацыі імкненне празаходніх сіл краіны «прадэманстраваць Еўропе, наколькі вялікія чаканні існуюць у Грузіі ад пасяджэння Еўрапейскай рады, якое мае адбыцца ў сярэдзіне снежня».
Былая амбудсмэн, якая лічыцца адным з лідараў праеўрапейскіх сіл краіны заклікала ЕЗ не адкладаць пытанне надання Грузіі статусу кандыдата і прыняць пастанову ўжо ў снежні.
Амбасадар Грузіі ў ЕЗ Павел Херчынскі ў спецыяльнай заяве пацвердзіў, што пытанне надання Грузіі статусу кандыдата ў сябры ЕЗ будзе адным з пытанняў парадку дня пасяджэння.
- Але для станоўчага развязання неабходна згода ўсіх 27 дзяржаў, сябраў ЕЗ, – папярэдзіў дыпламат.