Для ІП і кампаній прамінулай датай павысілі цану газу
3- 13.02.2023, 11:39
- 6,244
Леташняя цана расейскай сыравіны не выратавала бізнэс ад падаражэння.
У Беларусі павысілі цану газу для бізнэсу і індывідуальных прадпрымальнікаў. Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.
Пастанова МАРГ аб павышэнні цану газу ўвайшла ў дзеянне 12 лютага. Яна распаўсюджваецца на стасункі, якія ўзніклі з 1 студзеня 2023 года. Для большасці кампаній і ІП цана газу вырасла на 9,7% - з 674,15 рубля за тысячу кубамэтраў да 739,59 рубля. Для бюджэтных арганізацый - з 624,28 да 684,89 рубля за тысячу кубоў.
Паводле інфармацыі МАРГ, цану павялічылі "ў межах індэкса спажывецкіх цэн, вызначанага асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2023 год". Гэтую пастанову ў міністэрстве растлумачылі "неабходнасцю кампенсацыі выдаткаў газазабеспячальных арганізацый, звязаных з набыццём і продажам прыроднага газу спажыўцам і сфармаваных як сума ўваходнай цаны прыроднага газу, набаўкі "Газпром трансгаз Беларусь" і выдаткаў "Белпалівагазу", звязаных з дастаўкай і продажам прыроднага газу".
Адзначым, што з 1 студзеня ў Беларусі вырасла цана звадкаванага газу ў балонах для насельніцтва. З 1 чэрвеня маюць намер узняць тарыфы на прыродны і звадкаваны газ для ацяплення. Пры гэтым цана расейскага газу для Беларусі ў 2023 годзе не змянілася.