20 траўня 2024, панядзелак, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларус адкрыў паспяховы гастрабізнэс у Польшчы

1
Як беларус адкрыў паспяховы гастрабізнэс у Польшчы
ЮРЫЙ РУСАК

ІП ён зарэгістраваў толькі за гадзіну, не выходзячы з дому.

Беларускі кухар Юрый Русак адкрыў у польскім Беластоку фудтрак з бургерамі. За восем месяцаў з фургона бізнэс вырас у кавярню. Беларус расказаў mostmedia.io аб тым, колькі ўклаў сродкаў у старт бізнэсу, а таксама закрануў нюансы адкрыцця бізнэсу ў Польшчы.

Фудтрак The HeisenBurger Юры Русак адкрыў у канцы чэрвеня 2022 года. Ён стаіць у цэнтры Беластока. У меню - больш за дзесятак бургераў, салаты і бульбачка фры.

Юры працаваў кухарам у шмат якіх рэстарацыях Менска, а ў Польшчу наважыў перабрацца ў 2018 годзе. Працаваў у рэстарацыях Беластока і марыў пра ўласны бізнэс. У верасні 2021 года беларус разам з партнёрам купіў у Кракаве аўтамабіль, які некалі развозіў пошту. Ён каштаваў 18 тысяч злотых. Гэты аўтамабіль у будучыні і стаў фудтракам.

- Амаль увесь фудтрак мы стваралі самі, толькі акно дапамаглі выразаць палякі. Мы мелі час, і плаціць некаму вялікія грошы мы не хацелі. Да моманту старту ў праект уклалі блізу 70 000 злотых (~$14 750). Гэта мінімум, але цяпер мы разумеем, што можна было б і з меншай сумай увайсці ў гэты бізнэс. Як зазвычай бывае, недзе пераплацілі, недзе нас падманулі… Адкрываліся цалкам на ўласным досведзе. Пачаць бізнэс у Польшчы нескладана, але ў 2022 годзе праз санкцыі ў дачыненні да беларусаў было цяжка адкрыць фірмовы рахунак у банку і атрымаць тэрмінал. Непрыемна, але давялося развязваць гэтыя пытанні. Развязалі і адкрыліся.

У сваім бізнэсе Юры робіць націск на якасць. Свежае мяса два разы на тыдзень яму прывозяць з фермерскай гаспадаркі, а булачкі робяць у мясцовай пякарні. Беларус адзначае, што зарука поспеху смачных бургераў — добры прадукт. Калі ён прыехаў у Беласток, ён заўважыў, што ўзровень гастраноміі тут горшы, чым у Менску. За 8 месяцаў Юрый здалеў зрабіць адзін з самых смачных бургераў у польскім месце. Сёння за дзень ён прадае пад сотню бургераў.

Парада беларусам, якія хочуць адкрыць бізнэс у Польшчы

У сакавіку Юры плануе адкрыць сваю кавярню, ён ужо арандаваў памяшканне і робіць там рамонт.

- Беласток – невялікае места, яно яшчэ развіваецца. Калі ты ўмееш добра гатаваць і разбіраешся ў бізнэсе, то праблем з пачаткам у месце не будзе. Можна добра раскруціцца. Пры пачатку бізнэсу ў Польшчы мы параілі б беларусам не баяцца, ну і, вядома, падрыхтавацца. Пакуль канкурэнцыя тут невялікая, працы стане ўсім. У Беларусі адкрыць бізнэс больш складана. Безупынныя праверкі і санстанцыі… Тут таксама правяралі, але адразу са старту было відаць, што службы зацікаўленыя, каб бізнэс працаваў. Даюць дарогу маладым і імкнуцца не замінаць. Так шмат хто кажа, але праўда гэта або не, мы неўзабаве даведаемся. Пакуль для нас Беласток - места магчымасцяў. ІП мы адкрылі толькі за гадзіну, не выходзячы з дому.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках