20 траўня 2024, панядзелак, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі затрымалі 50 падлеткаў

15
У Гомелі затрымалі 50 падлеткаў

Дзяцей да 16 гадоў паставяць на ўлік.

Збор падлеткаў у ГЦ "Сакрэт" у Гомелі скончыўся затрыманнямі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ГУБАЗіК. Затрыманні, у сваю чаргу, скончацца пастаноўкай на ўлік, адміністрацыйнымі працэсамі і завядзеннем крымінальнай справы, інфармуе Zerkalo.io.

«У Беларусі праз сетку Інтэрнэт была ажыццёўленая спроба сабраць прыхільнікаў так званых „ПВК Рэдан“ у ГЦ „Сакрэт“ у Гомелі. Міліцыя пільна адрэагавала на спробу правядзення незаконнай масавай акцыі», - заявілі карнікі.

У ГУБАЗіК падкрэслілі, што ў Цэнтральны РАУС Гомеля даставілі "без ужывання фізічнай сілы" блізу 50 чалавек. У часе правярання высветлілася, што большасць падлеткаў 13-18 гадоў прыйшлі паглядзець, "ці будзе нейкая бойка".

Тым, каму не споўнілася 16 гадоў, вынеслі папярэджанне і перадалі бацькам. Іх паставяць на ўлік у справах непаўналетніх.

«Асобы старэйшыя за 16 гадоў, якія мерыліся ўдзельнічаць у дэструкцыйных дзеяннях з адпаведнай сымболікай і атрыбутыкай, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незаконных масавых акцыях. Паводле гэтага факту будзе распачатая крымінальная справа. Асобы, якія ажыццяўлялі заклікі ў Сеціве, будуць высветленыя і затрыманыя», - заявілі ў ГУБАЗіК.

Нагадаем, сёння, 28 лютага, у Гомелі каля гандлёвага цэнтра "Сакрэт" сабраліся падлеткі, пачаліся затрыманні.

Што за «ПВК Рэдан», і пры чым тут дзеці

Даўней у Расеі адбылося некалькі масавых боек у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску, Новасібірску і Казані. Толькі ў Маскве за суботу-нядзелю затрымалі больш за 350 маладых людзей, якіх уважаюць за датычных да нефармальнага анімэ-руху «Рэдан», што прапагандуе гвалт.

Затрыманні прайшлі і ва Украіне - напрыклад, у Харкаве і Кіеве. Украінскія ўлады мяркуюць, што гэта спроба "расейскіх прапагандыстаў правесці чарговую інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю і выкарыстоўваць дзяцей для дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ва Украіне".

"ПВК Рэдан" - нефармальнае аб'яднанне, названае ў гонар злачыннай арганізацыі "Геней Рэдан" з мангі (японскія коміксы, паводле якіх здымаюць анімэ) Hunter X Hunter ("Паляўнічы х Паляўнічы"). Падлеткі, якія залічваюць сябе да ўдзельнікаў гэтага руху зазвычай носяць доўгія валасы і чорныя талстоўкі з выявай павука з дванаццаццю лапамі (у манзе чальцы злачыннай групоўкі "Рэдан" носяць тату з яго выявай). "ПВК Рэдан" складаецца збольшага з падлеткаў, а рух выступае "як супраць каляфутбольных фанатаў, так і ўраджэнцаў Каўказа і мігрантаў".

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках