5 траўня 2024, Нядзеля, 6:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За дзве гадзіны да гібелі Эдуард перастраляў расейскі дэсант»

20
«За дзве гадзіны да гібелі Эдуард перастраляў расейскі дэсант»
Эдуард Лобаў

Сябры і пабрацімы расказалі пра добраахвотніка Лобава.

Беларус Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня ў баях каля ўкраінскага Вуглядара. Апошнія тры гады ён служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Эдуарду было 34 гады, паведамляе «Радыё Свабода».

Вядомасць у Беларусі Эдуард Лобаў набыў у 2010 годзе, калі за дзень да «прэзідэнцкіх выбараў» яго арыштавалі разам з паплечнікам з «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. У выніку Эдуарда асудзілі на 4 гады зняволення. Пакаранне ён адбываў у калоніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі. На волю выйшаў, поўнасцю адбыўшы тэрмін.

«Выбраўся з аўтаматам з акопа»

У 2015 годзе Лобаў паехаў на вайну ва Украіне. Спачатку служыў у батальёне «Правы сектар», потым у 8-м асобным палку спецыяльнага прызначэння ў Хмяльніцкім. У апошні час разам з брыгадай «Чорных запарожцаў» кватараваў у Белай Царкве.

На вайне Эдуард быў стралком з гранатамёта і амерыканскага пераноснага супрацьтанкавага ракетнага комплексу Javelin. Украінскі ваяр Іван «Каёт» кажа, што беларус абсалютна віртуозна страляў з гранатамёта.

«Уражанне было, што ён нібыта гуляе ў Angry Birds, настолькі добра атрымлівалася. А вось з Javelin у мяне атрымлівалася лепш, таму мы адзін аднаго добра дапаўнялі», – кажа «Каёт».

Івана паранілі за пару гадзін да таго, як Эдуард загінуў. Менавіта дзеянні Лобава выратавалі жыццё ўкраінскаму салдату.

«Расейцы высадзілі дэсант недалёка ад ягонай пазіцыі. Эдуард выбраўся з акопа і спакойна, адзіночнымі стрэламі з аўтамата перастраляў іх усіх. Спачатку мы казалі пра пяцярых забітых ім ворагаў, але потым каля таго месца знайшлі пятнаццаць трупаў расейскіх вайскоўцаў», - распавядае пабрацім Эдуарда, беларус Аляксандр Малчанаў. Менавіта тыя дзеянні Лобава дазволілі эвакуаваць з поля бою Каёта.

«Вельмі правільны чалавек»

Смяротнае раненне Лобаў атрымаў ад трапляння аскепка танкавага набою, калі беларус страляў па танку з Javelin. Гэта быў блізкі бой, хуткую эвакуацыю зрабіць не маглі.

- Я ведаў Эдуарда тры гады, гэта быў вельмі правільны чалавек. Яму адмаўляліся даваць украінскае грамадзянства, нешта марозілі. Ён вельмі дасведчаны ваяр, адказны, шмат ведаў і ўмеў. Многія кантрактнікі нават такога не ўмелі, - кажа Іван «Каёт».

Аляксандр Малчанаў дадае, што Лобаў старанна вывучаў вайсковую справу.

- Ён прайшоў падрыхтоўку ў спецназе, гэта стандарты краін NАТО. У баях ён дзейнічаў пісьменна, рашуча і смела. Здавалася, ён увогуле не адчувае страху, - кажа Малчанаў.

«Распаўсюджваў у войску самаробныя ўлёткі»

Да «Маладога фронту» ў 2010 годзе Лобаў далучыўся дастаткова выпадкова. Калі служыў у Віцебскім дэсанце, туды патрапіў маладафронтавец з Гомеля Андрэй Цянюта.

- Я размаўляў па-беларуску. Магчыма, Эдзіка гэта зацікавіла. Ён заўсёды быў патрыётам, але ні з чым нацыянальным яшчэ не сутыкаўся. Ён служыў на паўгода старэйшы за мяне. Калі мяне пасадзілі на гаўптвахту, то Эдуард самастойна зрабіў улёткі і наклейваў іх на тэрыторыі вайсковай часці і каля яе. Пісаў, што годзе цярпець вайсковае беззаконне. Калі я выходзіў з «губы», то яго якраз туды адвозілі, — расказвае Цянюта.

Хлопец кажа, што Лобаву заўсёды была цікавая ваенная справа, ён ідэальна ведаў усе характарыстыкі зброі. Характэрна, што пасля таго выпадку з гаўптвахтай камандзір роты пазбавіў Эдуарда магчымасці скакаць з парашутам. А вось Цянюту, наадварот, усяляк спрабавалі зацікавіць службай.

- Давалі магчымасць страляць з усяго, скачкі таксама былі... Калі я прыязджаў з Гомеля ў Менск (гэта было раніцай, гадзіне а 5-6 гадзін), то Эдуард заўсёды сустракаў мяне на вакзале. Мы разам гулялі, зрэдку сядзелі ў кавярні, бо грошай не было. Ён мне паказваў Менск, свае ўлюбёныя месцы, - распавядае Цянюта.

«Імкнуўся спыніць зло»

Іван «Каёт» кажа, што пытаўся ў Лобава, чаму ён прыехаў з Беларусі ваяваць ва Украіну.

- Ён сказаў, што мы блізкія народы. У нас ёсць адзін вораг. Я ведаю, што ён марыў звольніцца з войска, атрымаць украінскае грамадзянства, пабудаваць дом. Ён верыў у ідэальнае грамадства, бараніў ягоныя прынцыпы. Мы нават не ведалі, што пра Эдуарда была старонка ў Вікіпедыі. Ніколі гэтым не выхваляўся, быў сціплым, - кажа Іван.

Аляксандр Малчанаў дадае, што Эдуард бачыў, якое зло Расея нясе не толькі Украіне, але і ўсім краінам Усходняй Еўропы.

«Таму ён імкнуўся, як мог, спыніць гэтае зло», - кажа пабрацім.

Усе суразмоўцы журналістаў сцвярджаюць, што Эдуард не баяўся смерці. Ён удзельнічаў у баях за вызваленне Кіеўскай вобласці, потым быў у Чарнобылі.

«Пра жонку казаў, што пакуль не плануе, бо цяжка гэта падчас службы. Мы ж увесь час на нейкіх «памыйніцах», палігонах. Казаў, ну якая нармальная жанчына будзе чакаць мужыка, якога бачыць максімум 15 дзён за год? Ведаю, што ў яго была невялікая кватэра ў Хмяльніцкім, але амаль увесь час жыў у казарме», - кажа Іван.

Эдуард Лобаў стаў сама меней 19-м беларускім добраахвотнікам, які загінуў з пачатку буйнамаштабнай вайны, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Адзначым, што ў 2014 годзе сайт Charter97.org абвясціў яго лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

У суботу, 4 лютага, а 14:00 у Саборы Святога Аляксандра (Галоўны касцёл Кіева) пройдзе развітанне з Эдуардам Лобавым.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках