Рэйкавых партызан з Мазыра прысудзілі да вялізных тэрмінаў зняволення
12- 8.02.2023, 15:51
- 15,462
Палітвязняў абвінавацілі ў спробе перашкодзіць руху расейскіх вайсковых цягнікоў.
Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Пляшкуна і Юрыя Сельвіча ў закрытым рэжыме. Сельвіч атрымаў пакаранне 14 гадоў калоніі, Пляшкун - 16, паведамляе «Радыё Свабода».
34-гадовага Сяргея Пляшкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча затрымалі ў сакавіку 2022 года. Беларуская тэлевізія выпусціла тады сюжэт, з якога вынікае, што за жыхарамі Мазыра сачылі супрацоўнікі КДБ. У гаражы аднаго з затрыманых Сяргей і Юры нібыта «абмяркоўвалі магчымасці перашкодзіць руху расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы». Канчатковае абвінавачанне ім выставілі паводле сямі артыкулаў КК.
Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020-га да лютага 2022 года Пляшкун і Сельвіч нібыта набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх выкарыстання.
Таксама іх абвінавацілі ў тым, што ў аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна Пляшкун і Сельвіч нанеслі фарбай на агароджу і знак малюнку, і надпісы.
Хто такія Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч
Адзін з затрыманых, 44-гадовы Юры Сельвіч, жанаты, мае траіх дзяцей. Двое дарослых сыноў на момант затрымання Сельвіча былі ў войску, адзін служыў у Мар'інай Горцы пасля заканчэння ўніверсітэта. Таксама ў сям'і выхоўваецца прыёмная дачка, ёй 10 год. Са слоў знаёмых, Юры працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі.
«Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, якія былі ў Мазыры пасля выбараў. Сельвіча двойчы затрымлівалі паводле 23.34, адзін раз быў арышт, другі раз штраф. Юры дапамагаў фінансава сваякам палітвязняў. Ну казалі яны нешта, але дзеянняў ніякіх не было», - растлумачыў сябра абвінавачанага.
Сяргей Пляшкун мае жонку і дваіх дзяцей. Адзін сын ходзіць у першы клас, другому яшчэ няма года. Жонка Пляшкуна ў дэкрэтным водпуску.
«Сяргей працаваў гандлёвым агентам. Ён добры муж, бацька і сябар. Сапраўдны, такіх вельмі мала. Ён і Юры ахвяравалі сабой дзеля свабоднай Беларусі», - адзначыла знаёмая затрыманага, таксама жыхарка Мазыра.